У каталікоў, грэка-каталікоў і пратэстантаў – Раство


Больш чымся паўтара мільёны чалавек цешацца з нагоды нараджэння Збаўцы. Хто мог, прынялі ўдзел у набажэнствах, да чаго пад час пандэміі святары не заахвочвалі. Галоўнае, каб у гэты дзень быць з Богам у сэрцы і ў атачэнні сваякоў.

Святая імша ў Дзень Нараджэння Збаўцы…

«Жадаю каб вы ўсе разам ішлі наперад, узняўшы высока крылы», – мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў прыхаджанаў у Касцёле.

Потым арцыбіскуп звярнуўся да ўсіх, хто святкуе нараджэнне Хрыста і нагадаў, што для Бог служыць людзям шчырага сэрца:

«Бог аб’явіў аб нараджэнні Збаўцы на Цэзару, не Іраду, не святарам Старога Запавету, а простым пастушкам».

Сям’я Езерскіх з Пінску ў Вігілію і на Раство заўжды наведвае Касцёл, у тым ліку праваслаўная маці Наталля. Езерскія разам упрыгожваюць дом, рыхтуюць святочныя неспадзяванкі, загадваюць жаданні.

Наталля кажа:

«У нас так атрымліваецца, што 22 снежня ў сына Дзень народзінаў. З гэтага дня мы лагодна пераходзім да святаў усіх канфесіяў – і каталікоў, і праваслаўных. Усё ў вялікай згодзе. У нас вялікая сям’я. Бацькі прыходзяць да нас. У нас заўжды весела».

Хрысціянская традыцыя ў сям’і сапраўдная, трывалая, дзякуючы бацьку Аляксандру:

«Я шчыра верую, малюся і прашу, таму збываюцца мае жаданні. Таму я лічу што бог мне дапамагае. Самае вялікае жаданне, як, напэўна, ва ўсіх жыхароў нашае краіны цяпер, гэта каб жыццё беларусаў зрабілася лепшым», – пажадаў Аляксандр.

Перадусім гэта важна для будучыні дзяцей, якіх ужо вабіць смак свята… Малодшай дачцэ, 6-гадовай Вікторыі больш за ўсё спадабаўся сёлета салодкі каляндар з цукеркамі. Максім, якому 11 гадоў, ужо кажа пра галоўнае: «Гэта свята, калі мы збіраемся разам».

Разам у гэтыя дні больш за 15 % насельніцтва Беларусі – гэта паўтара мільёны каталікоў і рыма-каталікоў, паводле звестак Касцёлу. Святкуюць 25-га снежня і пратэстанты, якіх у Беларусі каля 55 тысячаў. Раство ў хрысціянаў лічыцца найбольш светлым святам году. Да Нараджэння Збаўцы ў шматлікіх Касцёлах рыхтуюць тэатральныя пастаноўкі. Касцельную атмасферу прыхаджане прыносяць дамоў.

КАТАЛІЦКІЯ ВЕРНІКІ З ПІНСКУ:

«Мы збіраемся ўсёю сям’ёй, бачымся і адчуваем адно аднаго, кажам прыемныя далікатныя словы».

«Мы чакаем нейкіх пераменаў, нейкай дапамогі, цудаў і віншаванняў».

«Каб да Бога звярталіся, служылі Богу, тады будзе і любоў паміж людзьмі і не будзе варожасці».

Святкаванне традыцыйна доўжыцца тры дні. Сёлета ў беларускіх каталікоў свята падвойнае: на Вігілію, дзякуючы намаганням Ватыкану, вярнуўся кіраўнік айчыннага Касцёлу пасля фактычнай забароны на ўезд з боку ўладаў напрыканцы жніўня.

Юлія Цяльпук, belsat.eu