У каталікоў і пратэстантаў - Вялікдзень


Каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты ўсяго свету адзначаюць сёння Вялікдзень – свята Уваскрашэння Хрыста. Святочныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх каталіцкіх бажніцах і малітоўных дамах Беларусі. Таксама ў гэты дзень вернікі дораць адно аднаму велікодныя яйкі – як сімвал цудоўнага адраджэння.

З усяночных набажэнстваў распачалося ў Беларусі галоўнае свята хрысціянскага календара – Вялікдзень. Рыма і грэка-каталікі ды пратэстанты віталі адзін аднаго трохразовымі воклічамі: «Хрыстос уваскрэс!»

Менскія вернікі кажуць:

«Гэта дзень, які дае аднаўленне, аднаўленне ўсяму сусвету».

«Свята каталікоў, свята маёй веры… Свята ўсяго майго жыцця!».

«Сёння мне так вельмі радасна на сэрцы, такія ўзнёслыя малітвы, такі ўзнёслы спеў праслаўлення Бога нашага!».

Сапраўды, у Вялікдзень няма месца суму – вернікі ўсцешаныя галоўным біблейскім цудам – уваскрашэннем Хрыста, які выкупіў грахі чалавецтва. Гэта дзень перамогі жыцця над смерцю.

«Хай Хрыстос пераможа і ў нас, пераможа ў нашым жыцці. Каб мы вызваліліся ад граху і сталіся тымі сапраўднымі хрысціянамі, якія ідуць да святасці, ідуць да неба», – кажа ксёндз Антоній Клімантовіч.

Са святам вернікаў павіншаваў Тадэвуш Кандрусевіч – кіраўнік Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі:

«Няхай гэтае святло, якое прабіваецца, якое ззяе з пустой магілы Езуса, асвячае кожны цень вашага жыцця, усё цемру, якая, можа, таксама ёсць у вашым жыцці, і няхай вядзе нас у новае жыццё – жыццё ў божай ласцы і Хрыстовым супакоі. Хрыстос уваскрэс – сапраўды ўваскрэс, алілуя!»

Галоўная святочная імша прайшла ў Ватыкане. Пантыфік папрасіў новага жыцця для дзяцей, якія «з-за голаду і войнаў растуць без надзеі, адукацыі і медычнай дапамогі», ды пажылых людзей, якіх, на меркаванне Папы, адсейвае эгаістычная культура.

«Няхай у гэты Вялікдзень святло ўваскрэслага Хрыста асветліць сумленне ўсіх палітычных і ваенных правадыроў так, каб курс на пагібель быў зменены», – заявіў Папа Рымскі Францішак.

У сваім Велікодным пасланні Папа Рымскі Францішак заклікаў да міру на Святой Зямлі і выказаў надзею на тое, што «плён дыялогу» будзе спрыяць дасягненню міру і згоды ў тым ліку на Карэйскім паўвостраве. 27-га красавіка лідары дзвюх Карэяў маюць правесці першы за дзесяць гадоў саміт.

Сцяпан Святлоў, «Белсат». Фота – Osservatore Romano/Handout via REUTERS