У касцёле Найсвяцейшага імя Марыі вернікі сустрэлі Бэтлеемскі агонь


Ён запалены ад нязгаснай лампады ў базіліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме.

Традыцыя перадавання Бэтлеемскага агню бярэ пачатак у 1986 годзе ў Аўстрыі. Калі журналісты аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі прывезлі запаленую ў Бэтлееме лампаду, каб падтрымаць хворых і самотных людзей, скаўты распаўсюдзілі агонь па ўсёй краіне. Пасля гэтага акцыя набылА міжнародны характар. У 1996 годзе Беларусь далучылася да гэтай традыцый.

Вернікі:

«Гэта той вялікі сімвал той Божай любові, на якую мы спадзяемся, па якую мы сюды прыходзім, каб падзяліцца між сабой падчас гэтага вялікага свята, якое і ёсць святам любові Божай. Бэтлеемскі агонь – увасабленне ўсёй велічы гэтай любові».

«Бэтлеемскі агонь, ён сімвалізуе шчасце, чаканне, якое мы адчуваем падчас посту. Ён праходзіць увесь гэты шлях, і Езус таксама праходзіць да нас разам з гэтым агнём».

«Вядома, гэта вельмі важна – з гэтым агнём адчуць цеплыню і нашую еднасць перад Раством, адчуць, што мы не адны, што ёсць людзі, якія думаюць пра дабро, пра Хрыста перад Раством і Новым годам».

«Сакральнага сэнсу няма, папросту агонь успрымаецца хрысціянамі як нешта сімвалічнае, як увасабленне святла. Гэта прыгожы звычай, які галоўны для Касцёлу ў калядны перыяд адвенту, падрыхтоўкі да Свята Божага Нараджэння. Проста прыгожы звычай – як яліначкі, як нешта яшчэ».

Для хрысціянаў Бэтлеемскі агонь – сімвал нараджэння Збаўцы. А сама акцыя распаўсюджвання агню дае пачуццё еднасці. Праз скаўцкую эстафету агонь даставяць з Вены не толькі ў краіны Еўропы, але і ў Паўночную Амерыку.

Антоній Клемантовіч, пробашч кафедральнага касцёлу Найсвяцейшага імя Марыі: «Гэта агонь міру. Ён яднае шмат сэрцаў, шмат тых людзей у сем’ях, сярод народаў. Бо гэта тое адзінства, якое мае быць сярод людзей, і, на жаль, не заўсёды яно ёсць. Гэта агонь супакою, агонь міру, ён вельмі патрэбны».

У Беларусь агонь прывозяць з Польшчы, таму спачатку ён трапляе ў кафедральную базіліку Святога Францішка Ксаверыя ў Горадні, як гэта было ўчора. Ад сённяшняга вечара адсюль з катэдры Найсвяцейшага імя Марыі скаўты развязуць агонь па менскіх храмах. Агонь трапіць у кожны каталіцкі касцёл, нават у самай маленькай вёсцы. Акцыя будзе доўжыцца да 24-га снежня.

Любоў Лунёва, «Белсат»