Аб'ектыў 01.12.2016 У імя Рэспублікі Беларусь расстралялі адразу 3 асобы


Сяргей ІваноўІван КулешСяргей ХмялеўскіГенадзь Якавіцкі – усе яны расстраляныя паводле выраку беларускіх судоў у 2016-ым годзе. Адметна, што апошнія з трох названых страцілі жыццё, хутчэй за ўсё, у адзін дзень – 5-га лістапада, але вядома пра гэта сталася толькі гэтымі днямі. Што, паводле праваабаронцы Андрэя Палуды, можна патлумачыць палітычнымі прычынамі.

АНДРЭЙ ПАЛУДА, КААРДЫНАТАР КАМПАНІІ «ПРАВААБАРОНЦЫ СУПРАЦЬ СМЯРОТНАГА ПАКАРАННЯ»:

«Калі прыязджалі высокія чыноўнікі з Еўрапейскага саюзу ўлада прыхавала інфармацыю аб выкананні смяротных выракаў. І калі ўладам стала не актуальна, яны адкрылі інфармацыю».

Абуральна, паводле праваабаронцаў, і тое, што нягледзячы на скіраваныя скаргі з боку двух асуджаных – Сяргея Хмялеўскага ды Генадзя Якавіцкага – у Камітэт правоў чалавека ААН. Ды зварот гэтай структуры да ўладаў Беларусі – устрымацца ад выканання прысуду да заканчэння разгляду справы. Расстрэлы ўсё адно прайшлі.

АНДРЭЙ ПАЛУДА:

«Беларусь сапраўды канкрэтна, скажам так, ігнаруе заклікі міжнароднай супольнасці, міжнародных структураў».

Напярэдадні, адмысловаю заявай, расстрэлы асудзіла і кіраўніцтва Еўразвязу.

ЗАЯВА ЕЎРАПЕЙСКАЙ ВОНКАВАПАЛІТЫЧНАЙ СЛУЖБЫ:

«Еўрапейскі звяз выступае супраць смяротнага пакарання, якое не дзее ў якасці сродку стрымлівання злачыннасці ды ўяўляе ў сябе непрымальнае адмаўленне годнасці асобы і недатыкальнасці».

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства юстыцыі Беларусі, з 1994 да 2014-га вырак «смяротнае пакаранне» атрымалі 245 чалавек. Аднак праваабарончыя арганізацыі цвердзяць: з 1991-га года расстраляныя прынамсі 400 асобаў. Найбольшая колькасць расстрэлаў была ў 90-ых, калі выносілася па 30–40 смяротных выракаў штогод. Аднак ужо з 2001 года іх колькасць не перавышала 7-9. А 2015-ты ўвогуле прайшоў без расстрэлаў. І гэта дало невялікую надзею на змены ў падыходзе ўладаў да правасуддзя. Тым больш, што на адмысловай міжнароднай канферэнцыі аб праблемах смяротнага пакарання, якая прайшла ў Менску на пачатку кастрычніка, гучалі станоўчыя заклікі – заявіла «Белсату» адна з кіраўніц аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя».

АЙША ЮНГ,КІРАЎНІЦА ОФІСУ «МІЖНАРОДНАЙ АМНІСТЫІ» ПА ЕЎРОПЕ І ЦЭНТРАЛЬНАЙ АЗІІ:

«Адзін з беларускіх чыноўнікаў зрабіў справаздачу, у якой выказаўся: «Адмена смяротнага пакарання – гэта гістарычная неабходнасць. І еўрапейскі трэнд, які хутка прыйдзе і да нас». Гэта сур’ёзная заява на міжнародным форуме, асабліва для афіцыйнай асобы».

Праваабаронцы падкрэсліваюць: караць злачынцаў, вядома, трэба, але пры гэтым не парушаючы годнасці. Як асуджаных, гэтак і іхных сем’яў. Якім не толькі не паведамляюць, калі выканаюць смяротны вырак, да таго ж не даюць развітацца ды нават забраць і пахаваць цела блізкага чалавека.

Наўрад ці дапамогуць справе гуманізму і годнасці некаторыя заявы Аляксандра Лукашэнкі, у якіх той выказваецца пра пакаранне для злачынцаў.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА,КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

«Забіваюць усю сямʼю, гвалцяць непаўналетніх дзяцей, пасля разразаюць целы на кавалкі і кідаюць у ванну… Іх пасля арыштоўваюць і даюць толькі 25 гадоў! У мяне пасля гэтага, думаю такое ж пачуццё як і ў вас: іх бы таксама парэзаць на кавалкі і ў ванну!».

Крымінальны кодэкс Беларусі ўтрымлівае больш за дзясятак артыкулаў, якія прадугледжваюць найвышэйшую захаду пакарання. А Беларусь застаецца адзінаю краінай не толькі ў Еўропе, а нават у СНД, дзе расстрэлы па волі дзяржавы працягваюцца.

Юрый Салодкі «Белсат», фота: tengrinews.kz

Глядзі таксама
Каментары