У Хацежыне арандатар зямлі шантажуе ўласнікаў памяшканняў


Хто гаспадар: уласнік памяшкання ці арандатар зямлі пад памяшканнем? Канфлікт у бізнес-комлексе «Аксакал», што ў Хацежына, 10 кіламетраў ад Менску.

– Добры дзень, у вас ёсць пропуск? Куды вы едзеце?

– Я еду ў сваё памяшканне, у якім размяшчаецца «Аксабуд-92.

– Чаму ў вас няма пропуску? Я без пропуску вас не прапушчу. Прыходзьце ў адміністрацыю нашую.

– Я прыходзіла. Мяне не прапусцілі ў маё ўласнае памяшканне.

Ці «уласнае» – гэта яшчэ пытанне, бо хто гаспадар: уладальнік памяшкання ці арандатар зямлі, на якой яно стаіць? У бізнес-комплексе «Аксакал» у Хацежыне не могуць вызначыцца ўжо каля двух гадоў. Уласнікаў памяшканняў не прапускаюць да, здавалася б, іхнае маёмасці. Праехаць не даюць, пропускаў не выдаюць.

«Я хацеў заехаць на пагрузку тавару, бо мне сёння трэба ў камандзіроўку ехаць, я не змог», – распавядае Сяргей Фрол, уласнік офісаў і складоў.

Уласнікі памяшканняў уклалі вялікія грошы, хто свае, хто ўлез у пазыкі ды крэдыты, каб набыць тут камерцыйную нерухомасць ды распачаць уласную справу. Але гэтага ім рабіць не даюць. Ахова падпарадкоўваецца не ўласнікам, а забудоўніку бізнес-комплексу таварыству «Аксабуд-92», якое арандуе зямлю пад памяшканнямі.

«Зямля яго. Уласнасці ў яго тут амаль няма ніякай. Зямлю яму дала дзяржава. Бясплатна. У арэнду. А ён патрабуе з нас, уласнікаў, каб мы яму аплочвалі арэндавую плату», – гаворыць Віктар Войцюль, уласнік.

Паводле ўладальнікаў памяшканняў, забудоўнік патрабуе падпісаць дамову, дзе яны прызнаюць забудоўніка кіраўніком іхнай маёмасці і даюць яму права ў любы момант змяняць кошты за абслугоўванне памяшканняў.

«Калі мы арандавалі памяшканне – нашае ж 300 метраў кв. – кошт арэнды складаў 600 рублёў. Потым мы выкупілі гэтае памяшканне, і нам за карыстанне сеткамі выставілі 500 рублёў па гэтай дамове», – кажа ўласніца аднаго з памяшканняў Святлана Тунік.

З непакорлівымі тут змагаюцца радыкальна. Не падпісаў дамовы – перакрылі ваду ды нават люк засыпалі кучаю зямлі. Паводле дакументаў, гэта галоўны праезд на тэрыторыю, але, каб уласнікі не змаглі праехаць, вось што зрабілі. Праход таксама засыпалі, таму заходзіць на тэрыторыю бізнес-комплексу гаспадарам даводзіцца арыгінальным спосабам. Алена Філіпава, уласніца памяшканняў:

«Ён амаль шантажуе ўсіх уласнікаў заключэннем дамовы, інакш ён не прапусціць на тэрыторыю. Што ён і робіць. Частка была вымушаная заключыць дамовы, бо ў іх прадукты харчавання на складах, і яны проста вымушаныя былі. На тэрыторыі няма ацяплення, электраэнергіі, вада адсутнічае, стаяць біятуалеты. Умоваў няма ніякіх, гэта поўная перашкода гаспадарчай дзейнасці суб’ектаў гаспадарання».

У дзвярах прыёмнай стаіць камера відэаназірання. Уласнікам – удзельнікам канфлікту – зайсці немагчыма. Нам таксама дзвярэй не адкрылі. Некаторыя з уласнікаў падалі ў суд. Іншыя ж кажуць, што там справа можа цягнуцца доўгі час, а тое крытычна для бізнесу. Віктар Войцюль, уласнік, распавядае:

«Мы падалі пазоў аб прымушэнні забудоўніка аказаць паслугі па электразабеспячэнні, цеплазабеспячэнні і водазабеспячэнню. І прымушэнні падпісаць адпаведныя дамовы. Вельмі спадзяёмся, што гэтым разам суд нам дапаможа».

Цяпер уласнікі не могуць паўнавартасна карыстацца сваймі памяшканнямі, не могуць здаваць іх у арэнду, таму цярпяць вялікія страты. Людзі звярталіся і ў праваахоўныя органы, і да мясцовых уладаў, але вынікаў няма.

Вольга Чайчыц, belsat.eu