У госпісе не паміраюць, а атрымліваюць дапамогу


Сёння – Міжнародны дзень дзяцей хворых на рак. Паводле сусветнай арганізацыі аховы здароўя рак з‘яўляецца другой па частаце прычынай дзіцячай смяротнасці пасля няшчасных выпадкаў. Але пры своечасовым выяўленні сучасныя метады лячэння дазваляюць вылекаваць 70 адсоткаў хворых дзяцей. Пра арганізацыю, якая ў Горадні дапамагае дзеткам хворым на анкалогію і іх бацькам – Ірына Дарафейчук.

«Калі ты прыходзіш – ты разумееш, што ўсё не так страшна, што ёсць нейкае выйсце з гэтага ўсяго».

Юлія са сваім хворым сынам прыходзіць сюды штотыдзень ужо чацверты год. Сам Гарадзенскі дзіцячы госпіс дзее больш за дзесяцігоддзе. Дабрачынная ўстанова дапамагае сацыялізавацца цяжка хворым дзецям, якім не заўсёды можна наведваць дзіцячыя ўстановы. Распавядае Юлія, маці дзіцяці, якім апякуецца госпіс:

«Ёсць дзеткі, якія ўдома і для якіх выехаць пагуляць з іншымі дзеткамі – вялікая справа. Для іх гэта важна, і для мам важна пабачыць, што дзіця гуляе і можа камунікаваць з іншымі дзеткамі».

Галоўная місія арганізацыі – палепшыць якасць жыцця хворых дзетак. Апроч рэабілітацыйных працэдураў ім аказваюць гуманітарную дапамогу: выдзяляюць вазкі і абсталяванне, падгузнікі ды цацкі.

«Гэта тая ўстанова, куды могуць прыязджаць цяжка хворыя дзеці па дапамогу, гэта тая дапамога, якой яны не могуць атрымаць у іншых установах», – кажа Вольга Вялічка, заснавальніца і дырэктар госпісу.

Пад апеку трапляе ўся сям’я – тут і псіхалагічныя трэнінгі для родных дзіцяці, і кансультацыі ў галіне права, і матэрыяльнае падтрыманне, і нават навучанне рамяству. Алена Пачобут, сацыяльны працаўнік госпісу:

«Для таго, каб у іх была магчымасць заняць час паміж прыёмамі лекаў, у дзяцей у некаторых гэта ўначы, і яны проста сядзяць і глядзяць на гадзіннік. Ці наадварот – трохі супакоіцца і адцягнуцца ад штодзённых клопатаў».

Штомесяц госпіс праводзіць па некалькі творчых імпрэзаў, каб даць дзецям магчымасць раскрыць свае здольнасці ды прыцягнуць увагу да праблемаў людзей з інваліднасцю. Падчас дабрачынных кірмашоў прадаюцца і тыя рэчы, што бацькі зрабілі сваймі рукамі.

Госпіс грунтуецца на працы валанцёраў ды існуе выключна на ахвяраванні. Цяпер дабрачынная ўстанова апякуецца сарака пяццю дзецьмі і мае вялікую патрэбу ў фінансавым падтрыманні. Гарадзенцы могуць дапамагчы госпісу, пазваніўшы на нумар 8-902-214-14-14. Вам не адкажуць на званок, але з вашага рахунку здымецца два рублі на рахунак арганізацыі. Патрэбная госпісу і валанцёрская дапамога. Кажа Вольга Вялічка, дырэктарка госпісу:

«Мы вельмі шукаем валанцёраў з аўтамабілямі, каб яны маглі давозіць дзяцей у госпіс, і другая вельмі важная патрэба – у нас ёсць два хлопчыкі, яны не могуць даязджаць у госпіс ды ім вельмі патрэбныя айці-валанцёры».

Цяпер у госпісе працуюць больш за дваццаць валанцёраў. Бо, між іншага, гэты дом вучыць, што чалавек мае не толькі браць, але і аддаваць.

«Дзякуй за іхную працу, за тое, што яны дораць нам і дзеткам».

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Нумар рахунку для ахвяраванняў:

BY23ALFA30152072420050270000

Альфа-банк, код ALFABY2X, УПН 590374018