У Горадні ёсць імпрэза, на якую едуць з розных краінаў Еўропы


8-ы Міні-біг-фестываль вулічнага мастацтва ў Горадні. Фота – «Белсат»

Вулічныя музыкі, танцоры, мастакі, мімы ды проста дзівакі – пад гукі барабанаў прамаршыравалі па вуліцах Горадні. У каралеўскім горадзе прайшоў Міні-біг-фестываль вулічнага мастацтва – ужо восьмы раз.

«У нас новая канцэпцыя, з яе дапамогай мы хочам адчыніць звычайным гледачам дзверы да вулічнага мастацтва і яго розных кірункаў. Сёлета наш фестываль адрозніваецца і тым, што да нас далучылася такія краіны, як Італія ды Польшча», – кажа арганізатарка фестывалю Насстасся Роўба.

Монацыкліст Кшыштаф Астроўскі прыехаў з польскага Беластоку, каб даць гарадзенцам майстар-класы язды на аднаколавым ровары.

«Цэлая маса артыстаў! Можна пабачыць і фаер-шоу, і танцы. Вялікая разнастайнасць, і гэта цікава!».

Матэрыял Аляксандра Папко глядзіце ў поўным выданні навінаў за 28 ліпеня

Клоўны, фокуснікі, мімы, танцоры ды акрабаты прыехалі з Украіны, Расеі, і розных гарадоў Беларусі. Усяго ў фэсце ўдзельнічалі 300 артыстаў.

«Фестываль даволі яскравы і пазітыўны. Застаюцца вельмі пазітыўныя эмоцыі», – кажа гамяльчук Даніл, мім у вобразе Астапа Бэндара.

Пазітыўныя эмоцыі, як відаць, застаюцца не толькі ў артыстаў. У цэнтр гораду прыйшлі тысячы гарадзенцаў ды турыстаў.

«Як пагледзіце любыя гарадскія святы – ці было столькі народу хоць на адным? Не было!», – кажа Васіль Калач з фрык-тэатру «Гексаген».

Міні-біг-фестываль будзе выходзіць на міжнародны ўзровень – абяцае яго арганізатарка Настасся Роўба.

Свята вулічнага мастацтва мае шанец стаць разынкай гораду і прыцягнуць турыстаў. Толькі ў межах бязвізу Горадню з пачатку года наведала 65 тысячаў гасцей. Гэта ў паўтара разу больш, чым летась – паведамляюць гарадскія ўлады.

Аляксандр Папко, «Белсат»