У Горадні адзначылі Каляды з «міліцыянтам» і «нябожчыкам»


Каза, Мядзведзь, Бусел, Дзед і Баба… Ужо мала ў каго гэты пералік асацыюецца з Калядамі. Але ў ранейшыя часы без гэтых персанажаў было складана ўявіць калядаванне – святочны абыход вёскі з песнямі і віншаваннямі. Працягваюць традыцыі між іншага ў Горадні. І ўжо не першы год.

«Аднаўляць Каляды ў Горадні пачалі каля трыццаці год таму, напрыканцы 80-х. Гэтым тады займаўся гісторыка-культурны клуб «Паходня« на чале з Міколам Тарандой», – узгадвае калядоўніца Марыся Харэвіч.

У 80-я, не было ані сцэнару, ані галоўных персанажаў – казы і мядзведзя

Спевамі натхняліся ў вёсках, потым прыязджалі ў горад і хадзілі да сваіх знаёмых. Праз гады, агульнымі намаганнямі, з’явіўся сцэнар, і калядаванне стала больш нагадваць спектакль.

Штогод у сцэнар дадаюцца новыя рысы

Сёлета, напрыклад, пад фініш каляднага спектаклю пачыналася жартоўная трагедыя з рысамі нашага часу: калі Каза нібыта памірала, у хату да гаспадароў нечакана грукаўся «міліцыянт», каб скласці пратакол, і нават «адкатаць» адбіткі пальцаў.

Актыўныя маладзёны штогод завітваюць у хаты да тых, хто іх ужо чакае. Спісы складаюцца загадзя. А таму і людзі ставяцца да калядоўнікаў вельмі адкрыта і прыязна.

«Калі прыходзяць да нас калядоўшчыкі, дзеці ўжо іх чакаюць. Яны ведаюць Казліцу, яны ведаюць Мядзведзіка. Яна рыхтуюцца да гэтага свята і ты рыхтуешся разам з імі. І гэта ўжо не проста пасядзелкі за сталом – гэта агульнае свята, якое становіцца чароўным!», – даводзіць гаспадыня Юлія Мялешка.

Лічыцца, што новы год будзе шчаслівейшы, калі на Каляды ў хату завітае Каляда. Але ж і аддзячыць трэба адпаведна: шчодра адарыць калядоўнікаў прысмакамі.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»