У Горадні адновяць помнікі жаўнераў. Але толькі савецкіх


Рэканструкцыя Вайсковых могілак будзе частковай: новыя помнікі займеюць толькі пахаваныя тут чырвонаармейцы. Астатніх надмагілляў аднаўляць не плануюць, нават калі яны ў вельмі кепскім стане.

Гарадзенскія вайсковыя могілкі былі заснаваныя напрыканцы XIX стагоддзя. Спачатку там хавалі пратэстантаў, затым – расейскіх вайскоўцаў нямецкага паходжання. Не так даўно пачалася рэстаўрацыя некропалю. Упершыню за паўстагоддзя.

«Калі засноўвалі гэтыя могілкі (у 80-я гады 19 стагоддзя), паўднёвая частка была лютэранскай, бо шмат немцаў было, а паўночная была для «салдат іншых хрысціянскіх веравызнанняў». Гэта ўнікальна, таму ў гэтым і іх каштоўнасць. У тым ліку і мастацкая каштоўнасць», – кажа доктар гістарычных навук Юрый Гардзееў.

На могілках можна літаральна вучыць гарадзенскую гісторыю канца XIX-га – першай паловы XX стагоддзя. У час Першай сусветнай вайны тут хавалі нямецкіх жаўнераў ды салдатаў царскай арміі. Падчас савецка-польскай вайны апошні спачын тут знайшлі польскія вайскоўцы. У міжваенны час – хавалі польскіх афіцэраў, а ў Другую сусветную – і нямецкіх салдатаў, і савецкіх.

«Можна было б гэта ўсё аднавіць. У 1996-м годзе ўрады Беларусі і Германіі падпісалі дамову пра ўзаемнае захаванне такіх помнікаў. Гэта вельмі істотна. І каштоўнасць сімвалічная, бо пахаваныя салдаты розных арміяў і розных нацыянальнасцяў», – працягвае гісторык.

Аднак аднаўляць сталі толькі помнікі савецкім салдатам. Ініцыятыва належыць Савету ветэранаў, які вылучыў на працы частку ахвяраванняў. Ідэю мясцовыя ўлады падтрымалі, пагатоў не трэба было выдаткоўваць сродкі з бюджэту. Аднак аднаўляць іншых надмагілляў улады не збіраюцца.

«Стаўленне да польскага перыяду гісторыі такое, што дзякуй Богу, што не знішчаюць. Але казаць пра тое, што беларускія ўлады будуць нешта польскае аднаўляць, – на гэта не трэба разлічваць», – заяўляе журналіст Анджэй Пачобут.

Помніку салдатам-немцам не захавалася ўвогуле ніводнага. Вялікую колькасць нямецкіх надмагілляў у савецкі час проста закапалі ў зямлю. Амаль не засталося помнікаў салдатам царскага войска нямецкага паходжання.

«Хацелася бы, каб хоць нейкая мемарыяльная пабудова з’явілася на месцы гэтай пусткі – як частка гісторыі і даніна павагі тагачасным жыхарам Горадні, нягледзячы на тое, якой яны былі нацыянальнасці», – кажа нашчадак гарадзенскіх немцаў Юрый Лабоцкі.

Але грошай, якія Саюз ветэранаў пачаў збіраць яшчэ ў 2014-м годзе, хапіла толькі на частку новых помнікаў і скульптуру маці з дзіцём. Паводле Уладзіміра Цюцюнніка, старшыні арганізацыі ветэранаў Кастрычніцкага раёну Горадні, усяго сабралі каля $ 11 тысяч. Патрэбныя яшчэ 60 тысяч.

Міхась Ільін; фота вокладкі – Grodno.in