У Гомлі з‘явіцца «залаты» флагшток


Толькі летась Гомель – атрымаў «залатую» прыбіральню, коштам 750 тысячаў долараў. Цяпер на чарзе – новы дарагі падарунак. У самым сэрцы гораду, на плошчы Леніна, мае паўстаць 60-метровы флагшток. Абʼект абыдзецца Гомлю амаль паўтара мільёны рублёў, што адпаведна амаль шасцісот шасцідзесяці тысячам долараў.

«Усё будзе псаваць. Тут жа від такі прыгожы. Плошча, парк», – мяркуе жыхарка Гомля.

– Сцяг дзяржаўны будзе вісець? Ну, у прынцыпе мы ўсе ведаем, які ён. Навошта?

– Тут і без гэтага тры флагштокі стаяць вунь.

«Гэта яшчэ адзін плюс да нашых прыбіральняў. Прыбіральні, флагшток. Словаў няма», – мяркуе яшчэ адная жыхарка Гомля.

«Вельмі добра, мы ж людзі багатыя, краіна багатая. Пра што вы кажаце, вядома».

Ці патрэбны гораду такі абʼект за грошы з дзяржаўнага бюджэту, у гамельчукоў нават не спыталі. Праект распрацавалі без грамадскіх слуханняў. Цяпер актывісты змагаюцца за спыненне будаўніцтва. Ужо на пачатку першых працаў – закладцы фундаменту – яны выклікалі на месца міліцыю. Супраць флагштоку стварылі петыцыю і ў інтэрнэце, якую толькі ў першы дзень падпісалі больш за дзве тысячы асобаў.

«Мы лічым таксама, што пры будаўніцтве гэтага абʼекта, магчыма, парушаецца заканадаўства. Бо гэтая тэрыторыя ўваходзіць у ахоўную зону гістарычна-культурніцкай каштоўнасці палацава-паркавага ансамблю ў Гомлі і, паводле заканадаўства, тут забароненае любое капітальнае будаўніцтва», – распавёў Яўген Меркіс, кіраўнік урбаністычнай ініцыятывы «Smart Homel».

Паводле маштабаў гомельскі флагшток амаль даганяе канструкцыю на плошчы Дзяржаўнага сцягу. Металёвая стойка, замацаваная ў мармуровым падмурку, будзе ўсяго на 10 метраў ніжэйшая. Запраектаваны таксама ручны і механічны падʼем сцяга памерам – 12 на 6 метраў. Дык, можа, выдаткоўванне гэткіх сродкаў абгрунтаванае?

«Гэта такая абсалютна дзікая лічба, адкуль яна ўзялася – невядома. Паўтара мільёна. І, вядома, ёсць іншыя патрэбы ў гораду, больш актуальныя і на карысць людзям, дзе можна выкарыстаць гэтыя грошы», – сцвярджае Віктар Карнеенка, экс-намеснік старшыні Гомельскага гарсавету.

Гэтак, у Гомлі бракуе сацыяльных абʼектаў – тых жа школаў і шпіталяў, мяркуе Віктар Карнеенка. Пазіцыю наконт будаўніцтва ён тлумачыць адарванасцю чыноўнікаў ад людзей ды жаданнем выслужыцца перад начальствам.

«Лепш б яны крыху далей пайшлі, у першую савецкую больніцу, і паглядзелі, што там адбываецца, і вось туды б гэтыя грошы», – лічыць жыхарка Гомля.

«Я б на медабсталяванне накіравала. Больніца хуткай дапамогі побач», – лічыць іншая жыхарка Гомля.

«Напэўна, на новыя школы», – мяркуе жыхарка Гомля.

«На дзіцячыя дамы, на тыя аперацыі, якія дзецям патрэбныя», – сцвярджае жыхарка Гомля.

Калі мясцовыя ўлады гэтак і не прыслухаюцца да грамадзянаў, то новы дарагі «падарунак» зʼявіцца ў Гомлі ўжо ў траўні.

Юлія Лабанава, «Белсат»