У Гомлі вырашылі зруйнаваць прыватныя дамы без ведама жыхароў


У Навабеліцкім раёне Гомля планаваўся знос трох дзясяткаў прыватных дамоў. Замест іх мелі паўстаць шматпавярховікі. Жыхары не згадзіліся з такім рашэннем уладаў, сабралі подпісы і да іхнага меркавання прыслухаліся.

Пётр Граковіч з 90-ых жыве ў прыватным доме ў Навабеліцкім раёне Гомля. Цяпер і ўласнаручна пабудаваны дом, і пасаджаны сад могуць зруйнаваць ды замяніць на чатыры шматпавярховікі. Падобны лёс чакаў і сядзібы трох дзясяткаў ягоных суседзяў на вуліцах Герцэна, Урыцкага, Радзішчава і Дзімітрава. Людзі даведаліся пра пагрозу з нататкі ў мясцовай газеце і забілі трывогу.

Мясцовыя жыхары:

«У нас няма вялікіх грошай. З заробкаў, з крэдытаў мы пабудавалі дом і добраўпарадкавалі надзел для сябе, для дзяцей, для ўнукаў».

«Тут людзі 70 гадоў жывуць, мы хочам дзецям перадаць».

«Мяне задавальняе маё жытло, і я, і мае дзеці супраць руйнавання і супраць іншых кватэраў».

Найбольш абурыла людзей тое, што пра магчымае руйнаванне іхнага жытла ім не паведамілі загадзя.

«Пяць гадоў таму яны абяцалі, што не будзе ніякай забудовы, людзі будавалі, зрабілі рамонты, уклалі грошы, з капеек будавалі маладыя сем’і, адбудоўваліся. Як можна цяпер гэта пад бульдозер?» – кажа мясцовая жыхарка Людміла Рагаўцова.

Калі жыхары прыватнага сектару ўзнялі шум вакол магчымага руйнавання, мясцовыя ўлады ініцыявалі абмеркаванне.

«Было шмат людзей, не змясціліся ў зале. Рэгламентам нам адвялі гадзіну, яе было недастаткова. Там нам распавялі, што ў нашым квартале зробяць чатыры дамы», – распавядае мясцовы жыхар Кірыл Восіпаў.

Гэта не першая спроба ўшчыльнення ў Гомлі, але ў Навабеліцкім раёне ўжо цяпер інфраструктура не спраўляецца з колькасцю насельніцтва.

«Тут пабудуюць дамы, а там коркі штораніцы і штовечар на Міжнароднай», – кажа Андрэй Ткачэнка.

«Перагружаныя школы, сады, паліклініка адна дзіцячая на 75 тысячаў насельніцтва. Дарослая – сітуацыя не лепшая», – распавядае Кірыл Восіпаў.

У адміністрацыі Навабеліцкага раёну нам патлумачылі, што імавернасць руйнавання сапраўды існуе.

Аднак цяпер усё залежыць ад горадабудаўнічага савету Гомельскага аблвыканкаму.

«Сёння літаральна вобласць званіла. Яны сказалі, што ў іх таксама гэтыя звароты на кантролі, таму яны пастараюцца хутка правесці савет, каб не чакаць. Паводле закону тры месяцы, але сказалі, што хутка ўсё зробяць, каб людзям адказаць», – кажа намесніца начальніка аддзелу ЖКГ Анастасія Мальцава.

Аддаваць сваю маёмасць гамельчукі не збіраюцца. З трыма сотнямі сабраных подпісаў ініцыятыўная група звярнулася ў адміністрацыю Навабеліцкага раёну.

Мясцовыя чыноўнікі пасля высвятлення грамадскага меркавання палічылі заўвагі занепакоеных жыхароў дамоў аб’ектыўнымі, а «рэалізацыю дадзенага праекту немэтазгоднаю». Аднак канчатковае рашэнне ў гэтым пытанні прыме кіраўніцтва вобласці.

Міхась Ільін, Ірына Дарафейчук belsat.eu