У Гомлі трапіў пад ціск блогер, які засудзіў ДАІшнікаў


Зусім нядаўна «Белсат» рабіў матэрыял пра вядомага гомельскага відэаблогера Паўла Главацкага, якому ўдалося засудзіць супрацоўнікаў ДАІ за бяспраўныя дзеянні. Аднак неўзабаве на яго з яшчэ большай сілай абрушыўся ціск. Апроч невымернага штрафу і пазбаўлення правоў, на працу да начальства Паўла міліцыянты адправілі прафілактычную паперу з патрабаваннем прыняць меры.

Не саступіў дарогу сустрэчнаму аўтамабілю на дваровай тэрыторыі. Такая частая транспартная сітуацыя звычайна вырашаецца паразуменнем бакоў, але для гомельскага відэаблогера Паўла Главацкага абярнулася штрафам у 10 базавых велічыняў ды пазбаўленнем правоў на 18 месяцаў.

Відэарэгістратар паказвае: ніякіх перашкодаў для руху транспарту няма, але працаўнік ДАІ маёр Пашкевіч выпісвае пратакол паводле артыкулу 18.14 часткі 10 за стварэнне аварыйнай сітуацыі.

«Калі цябе ніхто не будзе выпускаць, то ствараецца корка ў двары. Кіруючыся простай логікай, што лягчэй людзей выпусціць са двара, чым трымаць іх у двары, я ў прынцыпе, рухаўся ўперад», – кажа Павел Главацкі.

Але на гэтым гомельскі аўтаінспектар не спыняецца: на працу да начальства Паўла прыходзіць папера з патрабаваннем «аказаць на яго меры ўздзеяння».

«Гэта недарэчна і незаконна, бо я не працую кіроўцам, і дадзенае адміністрацыйнае правапарушэнне было здзейсненае ў вольны ад працы час, і ніяк яно не тычацца маёй працы на дадзеным прадпрыемстве», – працягвае відэаблогер.

Праваабаронца Леанід Судаленка дапускае, што каральны орган, які вядзе працэс, можа скіраваць на працу парушальніка паперу аб прыняцці захадаў. Такую практыку ціску на грамадзянаў шырока ўжывалі за савецкім часам.

«Канечне, наймальнік не мае права прыцягваць да дысцыплінарнай адказнасці чалавека, свайго работніка, за тое што ён парушыў правілы дарожнага руху», – адзначае Леанід Судаленка.

Дзеяннямі ДАІ абураюцца саслужыўцы Паўла і расцэньваюць як ціск за праваабарончую дапамогу жыхарам Гомельшчыны.

«Да Паўла вельмі многа звяртаюцца тыя, каго несправядліва пакаралі ДАІшнікі. Павал за іх судзіцца, як праваабаронца, абараняе, а тут папаў: гэта была прычына, проста прычына, каб вось гэта распачаць», – кажа Віталь Шулькін.

Іншы калега, Альберт Апекун, адзначае:

«Я не чуў, каб вось так наказвалі чалавека за тое, што не раз’ехаліся ў двары. Пазбаўляць чалавека на паўтары гады правоў і 10 базавых – гэта нешта абуральнае гэта ці не прэсінг нейкі ідзе».

Відэаблогер Павел Главацкі і сапраўды намуляў вочы праваахоўнікам, бо дапамагае грамадзянам змагацца з міліцэйскім бяспраўем на дарогах. Яго пераследавалі, затрымлівалі, складалі пратаколы, якія не адпавядалі рэчаіснасці. Цяпер гомелец падае скаргі на дзеянні маёра Пашкевіча ў суд Чыгуначнага раёну. А мы працягваем сачыць за разбіральніцтвам.

Таццяна Уласенка, belsat.eu, фотаздымак на застаўцы да відэа БелТА