Аб'ектыў 11.03.2019 У Гомлі рушыла ініцыятыва «Лэдзі на веласіпедзе»


У Гомель вясну сустракаюць не седзячы на канапе, а актыўна. Новы сезон распачалі ўдзельніцы аб’яднання «Лэдзі на веласіпедзе». Яны заклікаюць далучацца да ініцыятывы абсалютна ўсіх, каб рух «Лэдзі на веласіпедзе» ператварыўся ў «Людзі на веласіпедзе». Алег Рудавусаў працягне.

Удзельніцы ініцыятывы «Лэдзі на веласіпедзе» лічаць, што роля жанчыны – быць прыкладам і не адседжвацца ўдома. Таму яны ладзяць супольныя паездкі на роварах па горадзе і ваколіцах ды абмяркоўваюць усё на свеце.

«Трэба сачыць за сабою, за сваім здароўем. Трэба хадзіць на прыроду, трэба рухацца, быць актыўным і здаровым», – распавядае Святлана Кароль, кіраўніца абʼяднання «Велагомель».

Велалэдзі імкнуцца да стварэння ў Гомлі інфраструктуры для ровараў, бо яны дапамагаюць узмацняць сямʼю, падвышаюць узровень ветлівасці ў горадзе і спрыяюць здароваму ладу жыцця.

«Мяне адзін час успрымалі як проста пенсіянерку, дарослую даму. Менавіта дзякуючы ровару, я сама сябе пачала ўспрымаць як вельмі крутую лэдзі», – гаворыць Святлана Кароль.

На выезд 8 сакавіка сабралася каля 15 удзельніц, але цалкам магчыма, што ўжо праз год іх будзе болей. Велалэдзі плануюць курс «Велатэрапіі», дзе будуць заахвочваць сесці на ровары тых, хто пакуль пабойваецца. Шлях адкрыты і для мужчынаў.

Алег Рудавусаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары