У Гомлі пакажуць спектакль з удзелам невідушчых актораў


Нябачны тэатр. Гомельскі «TEAM THEATRE» за 4 гады існавання стварыў прыблізна 20 спектакляў. Сярод іх – і атмасферныя, дзе гледачам завязвалі вочы, каб абвастраць іншыя пачуцці: слых, дотык, пах. Новая ж мэта амбітных гомельцаў – гэта спектакль, у якім усе ролі выканаюць акторы з праблемамі зроку.

Распавядае мастацкі кіраўнік «TEAM THEATRE» Андрэй Бардухаеў-Арол:

«Наталіўшыся іх пазітывам, іх мэтанакіраванасцю, іх жыццесцвярджальнай сілай, мы захацелі зрабіць што-небудзь разам. І вось гэтае «разам» – гэта наш спектакль, спектакль з удзелам невідушчых актораў».

Прэм’еру знакамітага твору расейскага пісьменніка Леаніда Філатава «Сказ пра Фядота-стральца» рыхтуюць да Дня невідушчага чалавека, які адзначаюць 13 лістапада. У спектакль увядуць і адмысловую харэаграфічную групу.

Падтрымлівае творчыя планы «TEAM THEATRE» дабрачынны фонд «Разам тут», які ўзнік у гэтым годзе, дзякуючы краўдфандынгавай кампаніі. На гэты момант фонд падтрымлівае 6 праектаў у розных сферах і дае магчымасць людзям з асаблівымі патрэбамі рэалізаваць сябе.

Удзельнікі спектакля – акторы Дар’я Дарошка і Уладзімір Чараўхін, кажуць:

«Дзякуючы вось гэтаму адэкватнаму, гэтаму асертыўнаму стаўленню атачэння, вось гэтых людзей з «TEAM THEATRE» пачынаеш разумець, што ўсё яшчэ будзе».

Не забываюцца ў тэатры і пра дзяцей з асаблівасцямі зроку. Для іх рыхтуюць адмысловы атмасферны спектакль пра доктара імем Айбаліць. Прэм’ера – ужо 13 кастрычніка.

Алег Рудавусаў belsat.eu