Аб'ектыў 22.11.2016 У Гомлі ДАІ гадамі цкуе невінаватага хлопца. Суды бяздзейнічаюць


Два суды пацвердзілі ягоную невінаватасць, трэці ж узяў бок Дзяржаўтаінспекцыі, разгледзеўшы справу нават без удзелу абвінавачанага.

Гомелец Павел Савельеў, якога не аднойчы брутальна затрымлівалі аўтаінспектары ды абвінавачвалі ўва ўжыванні то наркотыкаў, то алкаголю, усцяж спадзяецца дагрукацца да айчыннае Феміды.

«Пасля таго, як я атрымаў ад іх паперу па пошце пра тое, што, маўляў, дзеянні працаўнікоў ДАІ былі нармальныя, а вы не мелі рацыі, я падаў скаргу ў абласны суд. І я думаю, што ў час судовага паседжання там я змагу давесці сваю невінаватасць, таму што ўсе факты, якія ёсць у матэрыялах справы, цалкам пярэчаць словам нашай «доблеснай беларускай міліцыі», – кажа спадар Павал.

Ціск, пераслед і фальсіфікацыі

Супрацьстаянне гомельца ды аўтаінспекцыі пачалося яшчэ ў 2014-ым, калі яго схапілі па падазрэнні ўва ўжыванні і захоўванні наркотыкаў. Ператрус удома, аднак, нічога не даў, медычныя эксперты таксама не выявілі нічога забароненага ў арганізме Савельева – у выніку абвінавачанне развалілася, сканфіскаваны аўтамабіль мужчыну вярнулі. Аднак са справы чамусьці знік шэраг дакументаў.

«Справа зачынілася з-за адсутнасці складу злачынства. Літаральна праз дзень пасля закрыцця крымінальнага правярання ў Следчым камітэце мяне абвінавацілі ў тым, што я быў затрыманы ў алкагольным апʼяненні», – узгадвае Павел Савельеў.

Пры гэтым, нібы ў зачараваным коле, алкатэстар паказаў адсутнасць алкаголю ў арганізме Савельева, а доктар адмовіўся даследаваць кроў з вены і мачу затрыманага: маўляў, табе гэта не дапаможа! Зноўку зніклі і міліцэйскія рапарты, і нават тэхнічны агляд аўтамабіля гомельца.

Ані следчыя, ані суды ўвагі не звяртаюць

Дагэтуль аніяк не рэагуе на заявы Савельева і прыкладзеныя да іх відэа ды аўдыязапісы і Следчы камітэт.

«Людзі ў нас не могуць знайсці праўды з тае прычыны, што ў нас паўсюль дзейнічае дактрына пра тое, што ў нас беззаганная дзяржава. А людзі, якія прадстаўляюць дзяржаву, безумоўна таксама павінны быць беззаганныя. І, безумоўна, вінаваты чалавек, а не прадстаўнік улады», – тлумачыць сутнасць справы праваабаронца Алесь Яўсеенка.

А менавіта таму, пасля праходжання ўсіх айчынных судоў, Паўлу Савельеву, хутчэй за ўсё, давядзецца звяртацца і ў

Міжнародны камітэт правоў чалавека пры ААН, прагназуе праваабаронца. Бо што яшчэ застаецца рабіць, калі ад беззаконня не бароніць уласная дзяржава?

Валер Руселік, «Белсат», фота: TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары