У Гомлі адкрылі «Велапойнт» – інтэрактыўную пляцоўку для раварыстаў


Еўрапейскі тыдзень мабільнасці скіраваны на экалагічнасць, здаровы лад жыцця ды разумнае выкарыстанне грамадскай прасторы. Сёлетні тыдзень прысвечаны пешаму і роварнаму руху ды іх развіццю ў гарадскім асяроддзі. Менавіта да еўрапейскай акцыі ў Гомлі прымеркавалі адкрыццё незвычайнай пляцоўкі для раварыстаў.

Крэатыў, вялікае жаданне і сяброўская дапамога – дзякуючы ім у Гомлі адкрылі «Велапойнт», адкрытую інтэрактыўную пляцоўку для аматараў ровараў. Мэблю актывісты клубу «Велагомель» зрабілі самі з паддонаў, усталявалі велапаркоўку, падфарбавалі сцены.

«Месца вельмі ўтульнае атрымалася, і нам вельмі прыемна будзе прыязджаць сюды, асабліва ўвечары, кантактаваць, сустракацца», – кажуць раварысткі Ала Сіроткіна і Таццяна Шумава.

«Нейкія восеньскі мерапрыемствы мы яшчэ можам тут праводзіць. Пачынаць старт мерапрыемства адсюль, завяршаць тут», – адзначае актывістка «Велагомлю» Валянціна.

Ідэя стварыць месца велаактыўнасці ўзнікла год таму і рэалізавалася пры падтрыманні Еўразвязу.

«Гэта яшчэ першы этап, далей пляцоўка будзе развівацца, будзем азеляненне рабіцца сваймі рукамі, магчыма, нейкія спонсары будуць. У ідэале – упрыгожыць, графіці зрабіць, паставіць сюды праектар, каб можна было ладзіць нейкія мерапрыемствы, першачарговае – прапаганда здаровага ладу жыцця, ровараў і правільных актыўнасцяў», – тлумачыць актывіст «Велагомлю» Руслан Джалы.

Галоўнаю праблемаю роварнай язды ў Гомлі застаецца адсутнасць адпаведнай інфраструктуры, але гарадскія ўлады павярнуліся тварам да раварыстаў, падкрэсліваюць актывісты.

«Роварных сцежак па-ранейшаму няма, але мы бачым, што ў цэнтры гораду заніжаныя бардзюры, ляжыць тактыльная плітка, перасоўвацца стала нашмат лягчэй, і дыялог з чыноўнікамі стаў нашмат эфектыўнейшым. І разуменне таго, што роварная інфраструктура патрэбная, канечне ж, ёсць», – кажа кіраўніца грамадскага аб’яднання «Велагомель» Святлана Кароль.

Гарадскія ўлады вылучылі аматарам ровараў зручнае месца для пляцоўкі – побач з гарадскім цэнтрам культуры.

«Гэта праект, якога чакала ўся вуліца Ірынінская, бо тут сканцэнтраваныя і інфармацыйны цэнтр турыстычны, і «#Креативная Ирининская» як маленькія крэатыўныя бізнесы, і «Велапойнт», адкуль стартуюць маршруты», – тлумачыць уладальніца коўворкінг-цэнтру для рамеснікаў «Свая палічка» Лілія Калюжная.

Адкрыццё «Велапойнту» прымеркавалі да еўрапейскага Тыдня мабільнасці, які ахоплівае больш за 50 краінаў і завяршаецца Днём без аўтамабіля 22-га верасня. Летась у Тыдні мабільнасці бралі ўдзел 66 паселішчаў Беларусі.

Ірына Дарафейчук belsat.eu