У «Год народнага адзінства» будзе пошук экстрэмістаў


Пасля нарады ў Лукашэнкі генеральны пракурор паведаміў, што ніводзін з удзельнікаў масавых беспарадкаў, які пасягнуў на грамадскі парадак або падняў руку на міліцыянтаў, не сыдзе ад адказнасці. Таксама Андрэй Швед дадаў, што яго падначаленыя падрыхтавалі прапановы аб заканадаўчым узмацненні крымінальнай адказнасці за экстрэмізм. Так пачаўся «Год народнага адзінства», абвешчаны Лукашэнкам.

Беларусы мусяць падумаць, што яны зрабілі не так у 2020-м, і быць асцярожнымі ў словах і ўчынках, каб не было развіцця супрацьстаяння, каб захаваць стабільнасць. Такая парада прагучала ад кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату на дзяржаўным тэлебачанні.

«Аналіз мінулага года і выпраўленне памылак, пакаянне ў тых няправільных дзеяннях, якія былі, з выпраўленнем, загладжваннем добрымі справамі – гэта асноўны ўнёсак», – заявіў мітрапаліт Менскі і Заслаўскі.

Таксама мітрапаліт Веньямін распавёў, што БПЦ падрыхтавала прапановы зменаў у Канстытуцыю: замацаваць там патрыятычнае выхаванне моладзі, хрысціянскую традыцыю шлюбу і гэтак далей. Наўрад ці гэта ініцыятыва самога святара, мяркуе палітолаг Валерый Карбалевіч:

«З Адміністрацыі Лукашэнкі прыйшлі ўстаноўкі ў кожную дзяржаўную ўстанову, выканкам, паўдзяржаўныя арганізацыі з прапановай выказваць свае думкі».

«Гэта адрознівае дадзенага святара ад тых праваслаўных святароў, якія выказвалі жорсткую пазіцыю адносна гвалту і заклікалі, каб спыніць насілле ў Беларусі», – прыгадвае папярэдняга стаўленніка РПЦ палітолаг Павел Усаў.

Ідэю канстытуцыйнай рэформы Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў яшчэ ўвосень, як спосаб залагодзіць пратэсты.

Цяпер – іншая рыторыка: трымацца, пакуль застаецца апошні АМАПавец.

Праз месяц рыхтуецца Ўсебеларускі народны сход, куды вылучаюць дэлегатаў райвыканкамы і мясцовыя саветы дэпутатаў. Там нібыта будуць абмяркоўваць змену асноўнага закону.

Вось што мяркуюць пра змену Канстытуцыі жыхары і госці Менску:

«Трэба вяртаць Канстытуцыю 1994-га года. І ўсё».

«У першую чаргу вызваліць палітвязняў, а потым усё вырашаць».

«Хрэн рэдзькі не смачней, пакуль ён пры ўладзе, народу будзе, як ёсць».

«Трэба каб проста прайшлі новыя выбары».

«Лукашэнку змяняць трэба. Гэта ўсё чарговы фінт, каб усіх падмануць».

«Гэта рэцэпт ад усіх хваробаў у Беларусі, каб ён сышоў».

Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае замацаваць новую Канстытуцыю праз рэферэндум.

Але за месяц да абмеркавання няма ані плану, ані графіку, ані праекту новай Канстытуцыі.

«Нейкага яснага плану, што рабіць з гэтай Канстытуцыйнай рэформай, у Лукашэнкі няма. Яна, гэтая ідэя, узнікла тады, калі сітуацыя для яго была хісткая, ён сапраўды баяўся, Лукашэнку была патрэбная падтрымка Расеі. І з падачы Масквы ўзнікла гэтая ідэя канстытуцыйнай рэформы», – нагадвае Валерый Карбалевіч.

Вядома толькі, што падследственны Юрый Васкрасенскі, які ходзіць у ізалятар КДБ размаўляць з палітвязнямі аб умовах іх вызвалення, рыхтуецца на Ўсебеларускім народным сходзе абмяркоўваць ідэю палітычнай амністыі.

«А хто не зразумее і не ацэніць такі крок і не будзе займацца ў межах Году народнага адзінства канструктывам, той паедзе назад», – заявіў Юрый Васкрасенскі ў праграме прапагандыста Грыгорыя Азаронка на канале СТВ.

Пра ідэю Лукашэнкі пачаць «Год народнага адзінства» цяпер кажуць усе дзяржаўныя СМІ. Вельмі па-свойму.

«Правакацыйныя дзеянні палітычных авантурыстаў-альтэрнатыўшчыкаў, якія атрымліваюць грашовыя ўзнагароджанні за гандаль краінай з-за мяжы, нічога не маюць агульнага як з гістарычнай памяццю, так і з выбарам стратэгічных арыенціраў развіцця Беларусі», – так заклікаў беларусаў яднацца Мікалай Шчокін, загадчык аддзелу сацыялогіі дзяржаўнага кіравання, з Інстытуту сацыялогіі ў НАН.

Ані дыялог, ані народнае адзінства немагчымыя, пакуль пры ўладзе знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка, бо ён нясе непасрэдную адказнасць за забойствы, калечанні, катаванні і згвалтаванні мірных дэманстрантаў, падкрэслівае Павел Усаў:

«І пакуль ён пры ўладзе, пакуль такія людзі, як спадар Шчокін, будуць прапагандаваць і абслугоўваць ідэю дзяржаўнага гвалту, беларускі народ будзе ахвярай».

А дыялог ахвяры з гвалтаўніком немагчымы, мяркуе эксперт.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».