У Глыбокім змагаюцца нават са снегавікамі


На снегавікоў у Глыбокім уведзена цэнзура: мясцовая ўлада горада прыбрала снегавікоў, якія былі зробленыя ў выглядзе беларускага арнаменту. Летась яны прастаялі тут больш за месяц і нават патрапілі ў дзяржаўную прэсу.

Яшчэ ўчора снегавікі, якіх зрабіў майстар па дрэву Віктар Дудкевіч, стаялі. Каля іх любілі фатаграфавацца дзеці. А сёння іх не стала.

Так яны выглядалі яшчэ ўчора днём. А сёння яны схаваныя за Домам рамёстваў. Мы пацікавіліся ў мінакоў, што яны пра гэта думаюць?

– Чаму прыбралі з беларускім арнаментам снегавікоў? Ну, таму што там, напэўна, бела-чырвона-белы быў сцяг. Таму і прыбралі.

– Не магу сказаць. Палітыка, напэўна, схаваная тут.

– А як думаеце, гэта правільна, што прыбралі?

– Можа і няправільна.

– Бел-чырвона-белыя? Без паняцця, не скажу.

– Ну можа яны якія брудныя былі.

Як патлумачыла дырэктар Дома рамёстваў Святлана Скавырка, снегавікоў ніхто не ламаў, іх проста прыбралі. Чаму? Самі ўсё разумееце. А ці нармальна гэта? Адказваюць жыхары Глыбокага:

– Канешне, не. Гэта ж ненармальна. Сказалі і Дзеда Мароза будуць прыбіраць чырвона-белага. Мы ж жывём, у прынцыпе, у нармальнай свабоднай краіне. Чаму прыбіраюць?

– Ну гэта ж усё павінна быць узгоднена з горадам. Можа яшчэ час не прыйшоў. Усяму свой час.

– Во слупы таксама ў няправільны колер пафарбаваныя.

Ідэя правесці ў Глыбокім конкурс снегавікоў узнікла ў мінулым годзе. І хоць снегу тады, як і сёлета, не было, снегавікоў было шмат. Сёлета іх меней. А некаторыя яшчэ не прайшлі адбор і ў начальства.

Такім чынам, у Глыбокім пераследуюць не тролькі актывістаў, але і снегавікоў. Хутка і са слупамі будуць змагацца.

Зміцер Лупач, «Белсат»