У эканоміцы – застой, але прыбыткі ад ІТ растуць


Што трэба зрабіць, каб нашыя праграмісты дапамаглі краіне вырвацца ў лідары інфармацыйных тэхналогіяў, а самае галоўнае – дапамаглі зарабіць больш грошай? Гэтую тэму з ключавымі дзяржаўнымі чыноўнікамі абмяркоўваў Аляксандр Лукашэнка. Што сёння стрымлівае развіццё ІТ-індустрыі ў Беларусі? Разбіраўся Аляксандр Папко.

Тэхналогіі, якія не патрабуюць замежнага газу ды нафты і прыносяць вялікія грошы. ІТ-сектар для Беларусі стаў куркай, якая нясе залатыя яйкі. Як павялічыць яе прадукцыйнасць – раіўся Аляксандр Лукашэнка. Праўда, не з праграмістамі, а з верхавінай уладнай вертыкалі і сілавікамі.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

«Хацелася б, каб вы не пераконваць мяне прыйшлі ў нейкім варыянце, а прапаноўвалі альтэрнатыўныя варыянты. Пераконваць мяне не трэба. У мяне ёсць пэўныя крытэры: калі гэта выгадна дзяржаве і народу, я заўсёды пагаджуся. Але патрэбныя варыянты».

Эканоміка краіны перажывае застой, але прыбыткі ІТ-індустрыі імкліва растуць. Яна стварае пяць з паловаю адсоткаў валавога ўнутранага прадукту, а праз 4 гады, паводле планаў ураду, рукамі праграмістаў будзе зароблены ўжо кожны 10-ты рубель. У сектары інфармацыйных тэхналогіяў сёння працуюць больш за 100 тысячаў чалавек.

Сяргей Лаўрыненка, ІТ-менеджар:

«Прычына ў праве і рэпутацыі гэтага права. У Еўразвязе ёсць агульнаеўрапейскія законы ў галіне той жа інтэлектуальнай уласнасці, яе абароны, і яны больш надзейныя. Калі казаць пра прадуктовыя кампаніі, то вялікая папулярнасць такіх юрысдыкцыяў, як Кіпр ці Злучаныя Штаты. У Злучаных Штатах вялікі рынак».

Аднак рэгістравацца за мяжою беларускіх айтышнікаў прымушае не толькі малы памер хатняга рынку. Рэч у інвестыцыйнай рэпутацыі нашай краіны.

«У нас былі выпадкі канфіскацыі прыватнай уласнасці. У тым ліку дзяржава магла дазволіць сабе так паводзіць сябе і ў адносінах да замежных інвестараў», – кажа Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «ALPARI».

Калі беларуская ІТ-кампанія зарэгістраваная ў Штатах, то і шматмільённыя падаткі з продажаў яна плоціць за акіянам. А ўдома – толькі падаткі на заробкі. Адсутнасць вяршэнства закону не дазваляе прыйсці ў Беларусь і сусветна вядомым ІТ-распрацоўнікам.

«Трэба змяніць падыход да права ўласнасці, да недатыкальнасці гэтай уласнасці. Трэба мець незалежныя суды, гатовыя гэтую прыватную ўласнасць абараняць», – мяркуе Вадзім Іосуб.

Улады будуць інвеставаць у інтэрнэт рэчаў – зачытаў з паперкі Аляксандр Лукашэнка. Дзяржава падтрымае стварэнне праграмаў, якія дазваляюць машынам камунікаваць і працаваць без удзелу чалавека, павялічваючы прадукцыйнасць у разы. Аляксандр Лукашэнка:

«Калі ўчора інтэрнэт рэчаў быў нечым абстрактным, то цяпер абмен звесткамі ў аўтаматычным рэжыме без удзелу чалавека паміж рознымі сістэмамі ў ЖКГ, прамысловасці, транспарце, лагістыцы стаў абсалютнай рэальнасцю».

Вось толькі калі дзяржава не стане прававой і рынкавай, нашыя светлыя розумы будуць распрацоўваць гэтыя праграмы не для беларускіх дзяржаўных заводаў і калгасаў, а перш за ўсё для замежных кампаніяў, прыкрываючыся замежным сцягам.

Аляксандр Папко, belsat.eu