У дармаеды сталі запісваць нават грамадзянаў Расеі


Актывісты з Баранавічаў за чатыры дні сабралі некалькі сотняў подпісаў за адмену гэтак званага дэкрэту аб «дармаедах». Днямі з патрабаваннем скасаваць спрэчны законы звярнулася да кіраўніка Беларусі і дэпутатка Ганна Канапацкая. А пакуль Лукашэнка маўчыць, поўнаю хадою ідзе паляванне на гэтак званых «дармаедаў».

Кожны дзясяты – дармаед. Азяранскі сельсавет, што на Жыткаўшчыне, літаральна накрыла лістамі з падатковай інспекцыі: іх тут атрымалі ажно 80 чалавек.

Жывеш у Расеі і маеш расейскае грамадзянства? Заплаці таксама!

Паводле жыхароў вёскі Хваенск, лісты прыходзілі нават па некалькі на адну сямʼю. Пры гэтым у дармаеды запісвалі без разбору: трапіла ў іх лік, сярод іншых, і жанчына, якая даўно жыве ў Расеі ды нават атрымала тамтэйшае грамадзянства.

«Яна прыняла грамадзянства Расеі. Яна – Танкачова Галіна Вітальеўна. Яна выйшла замуж – і ўсё, Танкачова Галіна Вітальеўна. А ліст ёй прыйшоў на імя Бойка Галіна Вітальеўна. І яна заплаціла падатак на дармаедства, ну так», – распавядае жыхар Хваенску Віталь Бойка.

Працы няма, мясцовыя зарабляюць збіральніцтвам

Між тым нават 360 рублёў з сямʼі – сума для людзей непадʼёмная. Працы ў паселішчы няма, жывуць за пенсію старых ды за грыбы-ягады, нарыхтаваныя ўлетку.

«З працай зусім напруга! Перабіваемся тым, што ездзім на працу да прыватнікаў. І бяруць на дзень, а заўтра выганяюць. Яно гэтак і ёсць: на дзень-два бяруць – і ўсё. Маю трох дзяцей. Ну як жыву? Вось дык і ездзім да прыватнікаў, перабіваемся. І жонка са мною ездзіць. Дый не толькі ў нас тут так семʼямі, паўсюль з жонкамі ездзяць!», – кажа спадар Анатоль.

«Падаткі за зямлю мы плацім, за дамы, за святло, за газ – за ўсё мы падаткі плоцім! Што яшчэ трэба, каб мы яшчэ грошы аддавалі? Дадатковыя грошы павінны аддаваць! Я ўлетку з ягадаў не вылажу – зарабляю грошы! А тут я не магу зарабіць!», дадае Андрэй Казак.

«Што я пра гэты падатак – дык ён няправільны, гэты падатак! Ён жа не корміць яго! Я ж кармлю яго са сваёй пенсіі, сына свайго! Гэта ж падумаць толькі трэба… Ой, Божа мой, Божа!», – абураецца пенсіянерка.

«Прыйшла паперка: плаціць падатак за дармаедства! У мяне таксама двое старых бацькоў: тату 86 гадоў і маці 80 гадоў. Працы як такой – няма. І што мне рабіць?», – пытае Уладзімір.

Мясцовыя ўлады не ведаюць, што адказаць

«Белсат» кіруецца да мясцовых уладаў. Тыя толькі разводзяць рукамі: маўляў, закон ёсць закон, мы не вінаватыя.

«Гэта ж не сельсавет займаецца падаткам на дармаедства. Мы нават не можам сказаць канкрэтна, колькі і каму яны даслалі лістоў. Найперш вам трэба з падатковай паразмаўляць», – перанакіроўвае старшыня сельсавету Міхаіл Аліфіравец.

Добра, кіруемся ў падатковую інспекцыю – адразу ж да начальніка аддзелу падаткаабкладання фізічных асобаў у Жыткавіцкім раёне. Аднак і той умывае рукі.

Падатковая таксама нічога не ведае

«Падатковая служба практычна не займаецца… Не ўскладзеныя абавязкі на падатковую службу фармавання гэтага спісу», – пракаментаваў Вячаслаў Галінзоўскі з падатковай інспекцыі.

То бок стрэсваць грошы з грамадзянаў, якім Канстытуцыя гарантуе права на годную працу, – на гэта людзі ёсць. А каб адказаць за парушэнне правоў і без таго абабраных як ліпка і даведзеных ледзь не да жабрацтва – тут хоць з агнём шукай!

Ігар Кулей, «Белсат»