У Чавускім раёне знайшлі мёртвых цялят у ручаіне


«Нас гэта здзівіла вельмі, зачапіла моцна». Гэтак эмацыйна згадвае ўражлівую карціну з мёртвымі цялятамі ў брадку ручаіны між вёсак Хількавічы ды Папоўцы Чавускага раёну ўдзельнік грамадскай ініцыятывы «Зялёны дазор» Леанід Платоненка.

«Акрамя таго, што вельмі шкада самых жывёлінаў, што яны загінулі. Адразу ж узнікла пытанне: з якой прычыны, што з імі здарылася?», – дзеліцца ўдзельнік грамадскай ініцыятывы «Зялёны дазор» Леанід Платоненка.

Пра выпадковую знаходку Леаніду паведамілі паплечнікі з экалагічнага руху.

«Вось у нас мёртвыя цяляты вялікія, гэта ваколіцы ракі Бася», – распавядаюць экаактывісты на відэа.

За некалькі дзясяткаў метраў ад гэтага месца ля дарогі размешчаны гэтак званы цялятнік – тэрыторыя, агароджаная плотам з бярвення і дошак, дзе ў цёплы сезон можа ўтрымлівацца маладняк. Цяпер гэты загон пусты, а пра тое, што летась тут былі каровы, нагадвае сухі каравяк і вытаптаная зямля. Тут жа быў знойдзены трэці труп цяляці.

Пра здарэнне Леанід Платоненка неадкладна паведаміў у Магілёўскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Прыродаахоўны орган адрэагаваў адразу ж: інспектары выехалі на месца і тушы мёртвай жывёлы прыбралі.

«Мы цялятамі асабліва не займаемся, мы займаемся адкідамі ад забою, тым, што адносіцца да адкідаў. Па дадзеным парушэнні мы, натуральна, прарэагавалі: накіравалі лабараторыю, адабраныя пробы па вадзе на ўсялякі выпадак дзеля перастрахоўкі і, адпаведна, пачаты адміністратыўны працэс», – тлумачыць старшыня абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Канстанцін Цеплякоў.

Прычыны падзяжу цялятаў, а таксама як целы аказаліся ў ручаіне і хто за гэта мусіць адказваць, мы намагаліся высветліць у Каменскім сельскім выканаўчым камітэце, да якога тэрытарыяльна адносіцца гэтая мясцовасць. Аднак кіраўніца справамі сельскага камітэту паведаміла, што не мае інфармацыі пра гэтую справу. Датэлефанавацца да старшыні не ўдалося: за цэлы дзень слухаўку ніхто не зняў. Дый ці першы гэта выпадак, бо ў зарасніку хмызняку і крапівы ля той жа ручаіны дагніваюць парэшткі раней загінулай буйной жывёліны.

«У вялікіх жывёлагадоўчых комплексаў, відаць, ёсць адрэгуляваны механізм уліку загінулых і жывых жывёлінаў. А што адбываецца на звычайных фермах? Калі загінула жывёліна, куды яе дзяюць? Ці ўсе здаюць на месцы ўтылізацыі загінулых жывёлінаў? Гэты выпадак паказвае, што, напэўна, не ўсё добра з гэтаю справай», – мяркуе Леанід Платоненка.

Паводле старшыні абласнога камітэту аховы прыроды, вынікі аналізаў будуць вядомыя бліжэйшымі днямі. Тады можна будзе меркаваць, ці нанесеная шкода наваколлю, а таксама пра адміністратыўную адказнасць за парушэнне экалагічнага заканадаўства.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»