У Чарнобыльскую зону ўсё часцей прыязджаюць турысты. Але масава з'язджаюць лекары


Праз тыдзень – трыццаць трэцяя гадавіна выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Хоць улады і рапартуюць пра поспехі ў змаганні з радыяцыяй, але дагэтуль востра стаяць пытанні: як жыць на пацярпелых тэрыторыях, і як доўга беларусы на сваім здароўі будуць адчуваць наступствы той трагедыі. Нашыя калегі наведалі Брагінскі раён, куды ўлады запрашаюць турыстаў, а людзі дагэтуль баяцца там жыць. Алесь Залеўскі.

Добраўпарадкаваны, хоць і малалюдны на першы погляд Брагін. Горад і ваколіцы пакуль кантрастуюць з рэштаю раёну, але дзяржава працягвае гнуць сваю лінію: інвестуе сродкі і спрабуе прыцягнуць людзей на гэтыя землі.

«У маёй роднай вёсцы тут цяпер ажываюць палі. Цяпер каля маёй вёскі ставяць пчаліную пасеку. У вёсцы, дзе я працавала, ставяць порт. Землі распрацоўваюцца, землі не губляюць», – кажа Любоў Дзяркач, мясцовая жыхарка.

Самы паўднёвы раён Беларусі ў выніку выбуху на ЧАЭС быў цалкам забруджаны радыенуклідамі. Цяпер толькі траціна раёну належыць да Палескага радыяцыйна-экалагічнага заказніку. Неўзабаве кожны ахвочы за 340 рублёў здолее наведаць гэтыя мясціны. Хоць больш пытанняў у тых, хто жыве ў раёне стала.

«Спецыялісты прыязджаюць, адпрацоўваюць – і з’язджаюць».

Спадару Мікалаю Дубаўцу 79 гадоў, ён быў адным з першых, хто ліквідаваў наступствы катастрофы 33 гады таму:

«Лекараў мала дасведчаных. Трошку пабудуць – і ўсё. Таксама і настаўнікі. Лекараў няма вопытных. Трэба вучыць. А вучыць няма каму».

Хоць кожны доктар, які прыязджае ў Брагін, адразу атрымлівае кватэру. Але рэч у псіхалагічных бар’ерах і навуковай аб’ектыўнасці, тлумачаць эксперты. Дагэтуль навукоўцы да канца не даследавалі ўплыву гэтак званых малых дозаў радыяцыі на Гомельшчыну.

Падчас канферэнцыі Беларускай асацыяцыі журналістаў «Праўда пра Чарнобыль», што адбылася ў Гомлі 18 красавіка, рэдактар парталу «Дзелавы Гомель» Аляксей Харкевіч адзначыў:

«З аднаго боку, Гомельская вобласць лідаруе ў шэрагу захворванняў, якія звязаныя з уплывам малых дозаў радыяцыі. Пры гэтым звесткі пра тых, хто пражывае ў Чарнобыльскай зоне, заўважна ніжэйшыя за звесткі ў цэлым па краіне па ўсіх хваробах, якія адсочвае Белстат. Што ў прынцыпе выклікае пэўнае непаразуменне».

Што ставіць яшчэ адно пытанне для даследнікаў. Ці тых, хто вядзе статыстыку. А пакуль пытанняў больш, чымся адказаў, з уласнае волі сюды будуць прыязджаць турысты ці журналісты.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Фота: REUTERS / Gleb Garanich / Forum