Аб'ектыў 26.05.2018 У Берасці зладзілі «Фэст сяброўства» для ўцекачоў з Расеі


Забыцца аб праблемах і знайсці новых сяброў. Гэтак дапамагчы ўцекачам з Паўночнага Каўказу пастанавіла праваабарончая арганізацыя Human Constanta. Актывісты зладзілі адмысловы фэст для тых, хто апынуўся ў складанай сітуацыі: не атрымаў прытулку ў Еўразвязе ды застаўся на беларускім памежжы.

Берасце ўжо некалькі гадоў – месца часовага перабывання ўцекачоў з Паўночнага Каўказу на іхным шляху па лепшую долю на Захадзе. Некалькі сотняў тых, каго не пусцілі праз польскую мяжу, вымушана затрымаліся ў Берасці. Але і тут яны не пачуваюцца ў бяспецы.

Не заўсёды прыязна да мігрантаў ставяцца і звычайныя берасцейцы, адзначаюць праваабаронцы. Каб паспрыяць узаемаразуменню і пазнаёміцца, адмысловы інтэграцыйны «Фэст сяброўства» зладзіла арганізацыя Human Constanta ў супрацы з агенцтвам рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч».

«Вось гэтым фестывалем мы спрабуем зрабіць нейкі новы крок, каб гэтую праблему развязаць на лакальным узроўні, развязаць праблему ксенафобіі, непаразуменняў паміж рознымі культурамі», – кажа суарганізатар фэсту Аляксей Талстоў.

Human Constanta дапамагае ўцекачам з Паўночнага Каўказу ў Берасці матэрыяльна і юрыдычна з 2016-га года. Праваабаронцы адзначаюць: шмат хто з тых, каму адмовілі ў палітычным прытулку ў Польшчы, сутыкаецца ў Берасці з тымі ж праблемамі, ад якіх яны ўцякаюць, у тым ліку з палітычным пераследам.

«Тут у Берасці, напрыклад, мы працуем з людзьмі з Чачэніі і Дагестану, людзьмі з расейскім грамадзянствам, і за ўвесь час Беларусь не надала формы міжнароднай абароны людзям, і таму адзіная магчымасць ратавацца – бегчы ў іншыя краіны, таму Беларусь для іх – транзітная тэрыторыя», – кажа праваабаронца Наста Лойка.

Каб гэта быў не толькі транзіт, а краіна сяброўства, і каб вымушаныя малыя мігранты маглі забыцца на праблемы ды пабавіцца са сваймі аднагодкамі ў прыязнай атмасферы, і паўстала пляцоўка «Фэст сяброўства». А яшчэ – каб кожны, хто хоча дапамагчы, здолеў гэта зрабіць.

Міхась Слаўнікаў; фота – Віктар Талочка/ТАСС/Forum

Глядзі таксама
Каментары