У Берасці прайшоў фестываль «Арэлі»


Двор на рагу вуліцы Машэрава і бульвара Тараса Шаўчэнкі ў Берасці сёння прымаў фестываль «Арэлі». Як зазначаюць арганізатары, гэта новы фармат дваровага свята, калі імпрэзу сабе жыхары арганізоўваюць самыя. Калі коратка, то мэта звычайная: пазнаёміць жыхароў паміж сабою.

«Калі атрымаецца тут, мы працягнем у іншых дварах у Берасці», – кажа арганізатар імпрэзы, прадстаўнік агентцва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» Дзмітрый Шыманскі.

«Мы распачалі такі праект «Арэлі» і фэст гэта фінальная кропка гэтага праекту. Ён накіраваны на тое, каб мясцовыя жыхары сталі больш самастойныя, маглі аб’яднацца і вырашыць пытанні, якія іх хвалююць. І фестываль гэта нагода, каб яны пазнаёміліся адзін з адным», – адзначыла арганізатарка імпрэзы Алена Каховіч.

Арганізатары адзначаюць, што дзякуючы імпрэзе змяняюцца погляды жыхароў: калі дзесяцігоддзямі яны разлічвалі на ЖЭС ці іншыя афіцыйныя структуры, то цяпер вучацца рабіць самыя ды абапірацца на мясцовую супольнасць.

Жыхары Берасця кажуць:

«Кожны двор абавязкова павінен быць такі ўтульны і прыгожы».

«Заўсёды шукаем такія імпрэзы. Дзякуй, што робяць такое».

Тут былі адукацыйная і забаўляльная часткі імпрэзы. Выстава дзіцячых малюнкаў, фрымаркет, дзе можна памяняць або аддаць рэчы ў добрым стане, выстава сучаснай беларускай літаратуры ды буккросінґ, гліняная майстэрня, зона дваравых гульняў, лекцыя ўрбаніста, адукацыйныя майстар-класы.

Дні суседзяў, свята маленькай вуліцы ці плошчы, невялічкія лакальныя фэсты – традыцыйная еўрапейская практыка, якая пакрысе прыходзіць у беларускія двары. Дзякуючы арганізатарам фэсту тут стварылі ініцыятыўную групу, якая ў будучыні самастойна здолее зладзіць такі фэст.

 

АН, belsat.eu