У Берасці прадаюць глобусы з расейскім Крымам і «Белоруссией»


Краіна – нашая, ідэалогія – расейская.

У спробе набыць падарункі пад ялінку ўласным дзецям сябра руху «За свабоду» Зміцер Шыманскі сутыкнуўся з абсурднаю сітуацыяй: у Берасці немагчыма набыць глобусы, якія б не супярэчылі афіцыйнай беларускай пазіцыі. Бо крамы замаўляюць іх не айчыннае вытворчасці, а расейскай ці арыентаванай на рынак нашых усходніх суседзяў.

«І адпаведна, усе глобусы, якія прыходзяць з расейскага рынку на наш, яны пішуць замест краіны Беларусь – Белоруссія. Замест таго, што Крым – гэта частка Украіны, яны пішуць, што Крым – гэта частка Расеі. Тое ж самае тычыцца Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. І гэтая прадукцыя, апроч іншага, трапляе ў нашыя навучальныя ўстановы», – кажа сябра руху «За Свабоду» Зміцер Шыманскі.

Сёлета ў сакавіку медыі выкрылі гэткую ж сітуацыю ў магілёўскім універмагу. У чэрвені, пасля звароту грамадскіх актывістаў, Упраўленне гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкаму са спасылкаю на рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН «рэкамендавала гарадскім субʼектам гандлю пазбягаць продажу палітычных мапаў свету і глобусаў, на якіх тэрытарыяльная прыналежнасць Крыму адрозніваецца ад агульнапрызнанай сусветнаю супольнасцю».

Чаму ж неадпаведная прадукцыя, на якой апроч анексаванай паўвыспы, нашая краіна называецца на савецкі манер Белоруссіяй, зноў трапіла ў крамы?

А што, ёсць беларускія глобусы?

-Якую атрымалі, такую і прадаем.

хто яе вырабляе? З Расеі прывозяць?

-Так.

нашыя беларускія чаму не замаўляеце глобусы?

што, ёсць беларускія?

што, няма?

-Мы не ведаем. Мы такога не знайшлі пастаўшчыка.

У рэспубліканскім прадпрыемстве «Белкартаграфія» нам пацвердзілі, што знайсці глобусы беларускае вытворчасці, а значыць адпаведныя беларускаму заканадаўству, немагчыма. Бо іх папросту не вырабляюць.

Размова «Белсат» з РУП «Белкартаграфія»

-То бок увогуле няма беларускай вытворчасці?

-Так.

чаму?

-Вы ў мяне запытваецеся?

У сітуацыі, калі расце ўплыў расейскае прапаганды, у тым ліку з выкарыстаннем пракрамлёўскіх медыяў, якія бесперашкодна транслююцца на Беларусь, падавалася б, такая дробязь, як глобус, мае вялікі сэнс. Адкрыты продаж тавараў з элементамі «рускага міру» пасылае пакупніку паведамленне – гэтая пазіцыя правільная. Таму ня дзіўна, што ўсё часцей ад беларусаў на пытанне, напрыклад, «чый Крым?», можна пачуць меркаванне, якое супярэчыць пазіцыі ня толькі ўсяго дэмакратычнага свету, але і афіцыйнага Менску.

Крым іхны: берасцейцы пра анексію

– Прабачце, тое, што Хрушчоў яго падарыў, гэта яшчэ нічога не значыць. Гэта тэрыторыя Расеі была «ісконная».

– Расея ваявала за Крым, Сувораў. А пасля падарылі.

– Гэта «ісконна» расейская тэрыторыя. Яна заўсёды раней адносілася да Расеі.

– Крым – гэта Расея. Чаму? Таму што гэта Расея!

Каб неўзабаве не ўмацавалася меркаванне, што Беларусь – таксама частка Расейскай імперыі, ужо сёння варта бараніцца ад уплыву расейскай прапаганды на ўсіх узроўнях. Сябра руху «За свабоду» берасцеец Зміцер Шыманскі напісаў адкрыты ліст на імя дырэктара прадпрыемства «Белкартаграфія» – з просьбаю зарганізаваць вытворчасць або пастаўкі глобусаў, дзе Крым будзе ўкраінскі, а нашая краіна будзе называцца згодна з Канстытуцыяй – Беларуссю.

Лола Бурыева, «Белсат»