У Берасці не ведаюць, што рабіць з габрэйскімі надмагіллямі – і возяць з месца на месца


Мацэвы аказаліся непатрэбнымі Берасцейскай крэпасці, дзе праляжалі апошнія 15 гадоў. Кадр з відэарэпартажу «Белсату»

На кліч у сацыяльных сетках з просьбаю дапамагчы пасартаваць мацэвы – габрэйскія надмагіллі – адгукнуліся неабыякавыя грамадзяне.

«Сёння мы ўсе прыехалі ператасоўваць гэтыя мацэвы. Каб адразу было бачна, якія можна вывозіць, якія цэлыя. Таксама прыбіраем іх ад смецця. Каб можна было потым хутка вывезці на машыне», – кажа адзін з валанцёраў, журналіст Максім Хлябец.

Відэрэпартаж з Берасця глядзіце ў поўным выданні навінаў за 9 сакавіка

Гутарка пра мацэвы з былых габрэйскіх могілак, знішчаных у час вайны. Апошнія 15 гадоў пліты перахоўваліся ў каземаце Берасцейскай крэпасці, аднак цяпер там пастанавілі зрабіць музей. Габрэйская ж спадчына ані гораду, ані крэпасці аказалася непатрэбнаю.

«Тыя габрэі, што былі на тых могілках, яны будавалі гэты горад. Сёння ўвесь цэнтр забудаваны прадстаўнікамі тых, хто тут памёр ці загінуў у гета. Таму габрэйская абшчына зрабіла больш, чымся магла для гораду Берасця», – кажа Рэгіна Сіманенка з Берасцейскага габрэйскага аб’яднання «Брыск».

У якасці развязання паўсталай праблемы габрэйская грамада прапаноўвае стварыць лапідарый – экспазіцыю з надмагілляў. Аднак і тут даводзіцца сутыкацца з абыякавасцю грамадства, адсутнасцю фінансавання ды банальнага жадання ўладаў паспрыяць аднаўленню гісторыі.

Габрэйская грамада сутыкнулася з абыякавасцю мясцовых уладаў да гісторыі гораду. Цяпер ёй дапамагаюць валанцёры. Кадр з відэарэпартажу «Белсату»

«Распрацаваны эскізны праект лапідарыя, які патрабуе зацверджання. Але з гэтым зацверджаннем мы ўжо больш за год ніяк не можам скончыць гэтае пытанне», – дадае Рэгіна Сіманенка.

А таму і даводзіцца пакуль проста перакладаць пліты з месца на месца, нават не ведаючы дакладна пра іх далейшы лёс.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»