Аб'ектыў 03.03.2017 У Берасці арыштавалі арганізатараў пратэстаў


Кропкавы ціск на самых актыўных удзельнікаў Маршаў нязгоды. Берасцейскую актывістку Наталлю Папкову міліцыянты адвезлі ў псіхіятрычны шпіталь, дзе яна адразу абвесціла галадоўку. А літаральна за гадзіну да планаванай размовы з «Белсатам» затрымалі і іншага берасцейскага актывіста Андрэя Шарэнду. Спробы паралізаваць арганізатараў акцыяў нязгоды актывізаваліся перад наступнай акцыяй, якая ўжо ў гэтую нядзелю пройдзе ў Берасці.

Без тлумачэнняў адвезлі ў варʼятню

Дзяўчына са сцягам» – менавіта гэтак актывістку Наталлю Папкову запомнілі ў Берасці пасля акцыі пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах 26-га лютага. Сёння двое міліцыянтаў без тлумачэнняў адвезлі жанчыну ў псіхдыспансэр, трымаць будуць прынамсі да панядзелка.

«Праводзіцца спецаперацыя сілавых структураў у адносінах да найбольш актыўных удзельнікаў акцыі супраць дэкрэту № 3. Людзей ізалююць ад грамадства на час правядзення наступнай акцыі», – тлумачыць праваабаронца Раман Кісляк.

У лячэбніцы тлумачыліся, што гвалтоўнае ўтрыманне Папковай звязана з афіцыйным лістом з міліцыі – нібыта ў яе была спроба суіцыду. Пра тое, што нейтралізацыя Наталлі – гэта ініцыятыва менавіта праваахоўнікаў, сведчыць і позва на яе ў Ленінскае РУУС на сёння. На тую ж 17-ю гадзіну туды запрашалі і другога актывіста берасцейскай акцыі Аляксандра Кабанава, якога напярэдадні затрымлівалі ажно два разы.

У міліцыю актывіст не паехаў

Спадар Кабанаў усцяж рыхтуецца да нядзельнага маршу, куды завітаюць і лідары правацэнтрысцкай кааліцыі – Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі. Акцыю чакаюць масавую.

Яшчэ адзін цэнтр пратэставага настрою – Гомель

Тут лідараў антыдэкрэтнага руху запалохваюць пратаколамі – іх склалі ўжо прынамсі на дзесяцярых чалавек. Чарговая мішэнь – актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак. Яго прыцягваюць да адказнасці за стыхійны мітынг на ганку суда Цэнтральнага раёну 21-га лютага.

«Улада думае, што гэтыя пратэсты інспіраваныя апазіцыяй альбо нейкімі грамадскімі актывістамі, насамрэч – гэта сапраўдны народны пратэст, і такімі захадамі як узбуджэнне адміністратыўных справаў супраць актыўных людзей – яны не вырашаць гэтага пытання і не сабʼюць гэтай хвалі пратэстаў», – запэўніў спадар Стрыжак.

Вулічная нязгода становіцца – адзіны спосаб змагання з дэкрэтам

У судзе Гомля другі пазоў «дармаеда» на падатковую, у адрозненне ад першай, проста адмовіліся разглядаць – маўляў, на антыканстытуцыйнасць дэкрэту ідзіце скардзіцца ў Канстытуцыйны суд.

З аднаго боку дробныя саступкі, з другога – ціск на актывістаў. Відавочна адно – грамадскі супраціў «недармаедаў» улады спрабуюць ці то ўтаймаваць, ці то заспакоіць.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: belprauda.org

Глядзі таксама
Каментары