У беларускім «горадзе будучыні» дэфіцыт кіроўцаў аўтобусаў. Тлумачаць дырэктар парку, пасажыры і самі кіроўцы


У Воршы, якая цяпер пад асабістым кантролем Лукашэнкі, ліхаманкава шукаюць 20 кіроўцаў на гарадскія аўтобусы. І знайсці – не могуць. Чаму моладзь не хоча ў гарадскі аўтапарк? А таксама чаму амаль уся Ворша абірае маршрутку ў якасці грамадскага транспарту, высвятляў Зміцер Казакевіч.

Пасля загаду Аляксандра Лукашэнкі з Воршы ўжо два гады робяць «горад будучыні». Што праўда, праблемаў у горадзе ад гэтага не паменела. Напрыклад, цяпер узнік дэфіцыт кіроўцаў аўтобусаў. За стырном – адны ветэраны.

«Ну, я не ведаю чаму так. Напэўна, заробак малы. Напэўна, праз гэта і не ідуць. І позна працаваць. Цяжкая праца! Рана ўстаём, позна кладземся», – кажа кіроўца аўтобусу.

«Ай, што заробкі, заробкі… Хацелася б больш» – «Ну прыкладна?» – «Ай ну колькі – 600-700», – дадае ягоны калега па аўтапарку.

Як вынікае, для Воршы – нават някепска. Мясцовы грамадскі актывіст Ігар Казмерчак кажа, што і 400–500 рублёў тут лічацца годным заробкам. Але ісці ў кіроўцы аўтобусаў аршанцы не спяшаюцца.

«Проста ў аўтапарка не надта зручныя ўмовы для працы. Кіроўцы, пры наяўнасці іншых варыянтаў, не надта хочуць туды ісці, бо – гэта вельмі складаны графік. Кіроўцаў не хапае, і можна там больш за змену адпахаць», – кажа Казмерчак.

Больш ахвочых працаваць на маршрутках. Зрэшты, пасажыры таксама паміж аўтобусам і маршруткай абіраюць апошні варыянт. Хаця б таму, што маршруткі ў Воршы даражэйшыя за аўтобусы ўсяго на 15 капеек. Але ёсць і іншыя прычыны.

«Трэба, трэба, каб аўтобусы хадзілі па раскладзе. Бачыце, колькі на раскладзе? А яны не ходзяць, не адпавядаюць. І каб своечасова хадзілі б аўтобусы, было б вельмі добра», – кажа жыхарка Воршы – і ўскоквае ў маршрутку.

«На маршрутцы езджу, так. Ну а на чым яшчэ? Аўтобусаў тут мала, у асноўным – маршруткі. Таму часцей за ўсё на маршрутках», – дадае дзяўчына, якую мы сустрэлі на прыпынку.

«На маршрутках. Чаму? Хутка, зручна, прывык. З самага дзяцінства езджу на іх. Не пераносіў аўтобусы», – кажа хлопец.

Дырэктар аршанскага аўтапарку нумар 3 не пагаджаецца з тым, што праблема аўтобусаў і кіроўцаў уласцівая толькі Воршы.

«Такая сітуацыя ва ўсёй Беларусі. Пры чым тут маленькія заробкі? У Менску таксама не хапае кіроўцаў, у Віцебску не хапае кіроўцаў. У Менску заробкі значна вышэйшыя за нашыя, але пытанне не ў заробках, а ў тым, што моладзь не хоча працаваць», – кажа дырэктар аўтапарку № 3 Сяргей Мацкевіч.

Цяпер Аршанскаму аўтапарку патрэбныя дваццаць кіроўцаў. Амаль усе аўтобусныя маршруты – стратныя.

Рэпартаж Змітра Казакевіча выйшаў у поўным выданні навінаў за 15 снежня