У «Беларуськаліі» не губляюць надзеі, што шахцёры пад завалам жывыя


Больш як содні пад завалам у шахце прадпрыемства знаходзяцца двое працаўнікоў. Завалы разбіраюць уручную. З Салігорску – Станіслаў Івашкевіч.

Эканамічная выгада супраць бяспекі працаўнікоў. Другі выпадак гібелі людзей за паўгода на трэцім рудніку «Беларуськалія» можа быць звязаны з надзвычайнымі захадамі эканоміі, якія ўводзяцца зараз на салігорскім камбінаце.

Як паведамляе прэсавая служба «Беларуськалія», у выніку выбуху ў шахце, які здарыўся напярэдадні ўвечары, абрынуўся слой пароды і заваліў, на глыбіні 620 метраў, двух працаўнікоў: Дзмітрыя Валькова і Максіма Іванова. Прычына – нечаканы выкід метану ў працэсе падрыхтоўчых працаў, якія папярэднічаюць здабычы руды.

Работнікі трэцяга рудаўпраўлення, з якімі нам удалося паразмаўляць, афіцыйных тлумачэнняў ад свайго начальства яшчэ не атрымлівалі. Але тлумачаць, што работы вяліся паводле новай эксперыментальнай тэхналогіі па здабычы руды з ужо выпрацаваных раней, гэтак званых слупоў.

На ўмовах ананімнасці супрацоўнікі трэцяга рудаўпраўлення, знаёмыя з сітуацыяй, распавядаюць, што рацыяналізатарскія новаўвядзенні апошніх гадоў нярэдка заключаюцца ў спробах зэканоміць на захадах бяспекі. Гэтак, для таго, каб перадухіляць назапашванні метану, якія могуць прывесці да выбуху, шахты кругласутачна вентылююцца. Паўтара года таму, аднак, сілу падачы паветра праз вентыляцыю пачалі змяншаць на выходныя. Праходчыкі скардзяцца на тое, што газааналізатары, якія павінныя папярэджваць аб небяспечных назапашвцаннях газу, у пераважнай бальшыні на некалькі гадоў ужо перапрацавалі свой максімальны тэрмін эксплуатацыі. Таксама, сцвярджаюць апытаныя намі шахцёры, перыядычна зніжаецца падача электрычнасці на абсталяванне, за кошт адключэння іх сістэмаў бяспекі. Гэта адбываецца як пад зямлёй, так і на фабрыках перапрацоўкі здабытай руды

Што канкрэтна прывяло да трагедыі ў пятніцу, пакуль невядома. Следчы камітэт завёў крымінальную справу. Адмыслоўцы аднак адзначаюць праблему ў тым, што няма падзелу паміж рэгулятарнымі ведамствамі, што сочаць за бяспекай, і тымі, якія адказваюць за эканамічны вынік.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu