У беларускай вёскі ёсць будучыня, але толькі ў будучыні


Адмысловы праект пра вёску будучыні распачнуць ужо налета, а яшчэ летась працаўнікоў сельскае гаспадаркі чакае навагодні падарунак ад ураду – снежаньскі сярэдні заробак мае скласці 700 рублёў. Падрабязней пра светлую будучыню і суворую рэчаіснасць беларускае вёскі.

Беларускую вёску чакае лепшая будучыня, але ня кожную. Як заявіў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, шэраг аграгарадкоў і вясковых пасёлкаў будуць уключаныя ў адмысловую ўрадавую праграму.

«Падрыхтаваныя тыпавыя праекты «вёскі будучыні». Ужо вызначаныя паселішчы, на базе якіх будуць адпрацоўвацца пілотныя праекты», – заявіў намеснік прэмʼера Міхаіл Русы.

Між іншага ў «вёсцы будучыні» будуць створаныя адмысловыя цэнтры, дзе вяскоўцы навучацца аплочваць камунальныя паслугі праз інтэрнэт – патлумачыў сваё футурыстычнае бачанне чыноўнік. Што ж да будучыні бліжэйшай – то ўжо ў снежні сярэдні заробак у сельскагаспадарчай галіне мае скласці 700 рублёў. Адмыслоўцы ня бачаць нагодаў для ўрадавага аптымізму.

«Гэта пакуль на мой погляд недасяжная мара для сярэднестатыстычнага беларускага працаўніка вёскі. Такі заробак магчымы толькі ў буйных з добрай эканомікай гаспадарках, якіх у Беларусі 10-20 %», – адзначае шэф-рэдактар Agrolive.by Іна Гармель.

Дый нават гэты ўзровень заробку дасягнуты будзе цытата, за кошт аптымізацыі лічбы працоўных. Сталыя гледачы Белсату добра ведаюць, як жыве беларуская вёска. Так у кастрычніку ў аграгарадку Крыўск, заробкі былі ў чатырнаццаць разоў меншыя, чымся цяпер абяцае ўрад.

«50 рублёў на рукі! Ці можна за гэтыя грошы сямʼю пракарміць? Ды нельга так жыць. Паўгады працуем і няма», – кажа працаўнік кааператыву «Крыўск».

У іншай беларускай глыбінцы – Петрыкаве, што на Гомельшчыне мы шукалі афіцыйна абвешчанага заробку ў 600 рублёў. Знайшлі – утрая менш.

«Заробак – 250 рублёў тут практычна ў кожнага. Тэхніка – палова стаіць, палова ездзіць», – кажа жыхар Петрыкава.

Але ўрад жыве іншымі лічбамі. Міхаіл Русы не спыняецца ў сваім футурыстычным бачанні сяла. Паводле чыноўніка, рэнтабельнасць малака ў лепшых сельскіх гаспадарках можа параўнацца з нафтавым бізнесам. Свайго часу з нафтай параўноўваў лён Лукашэнка.

Лён праўда, сёлета ў час прыбраць не паспелі. Так на Гомельшчыне прыбралі толькі кожны пяты гектар. А гэтыя нібыта параўнальныя з нафтаю грошы да сялянаў не даходзяць, кажа адмыслоўца.

«Каньюнктура цэнаў такая, што асноўную маржу ў нас здымаюць нейкія гандлёвыя сеткі, пасярэдніцкія структуры, надаграрныя арганізацыі. Аграрыям на нізавым узроўні ад гэтага пірага застаецца маленькі кавалачак», – кажа шэф-рэдактар Agrolive.by Іна Гармель.

Канешне, хто ведае, можа беларуская вёска будучыні сапраўды будзе выглядаць зусім інакш, пытанне – калі. Бо пакуль урад пакідае бяспечны адказ на гэтае пытанне – у будучыні.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»