У беларускага войска – светлая будучыня?


Вертыкаль у войску. Лукашэнка – у Вайсковай акадэміі, Мясніковіч – у 120 асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе. Паміж одай сучасным абаронцам айчыны не забыліся і пра тое, што, цытата, «беларускае войска – спадкаемца найлепшых традыцыяў савецкай арміі».

Аляксандр Папко, журналіст «Белсату», палітолаг, тлумачыць:

«Савецкімі міфамі не ўдасца вытлумачыць, чаму незалежная Рэспубліка Беларусь павінна існаваць. Таму што ў Савецкага Саюзу ёсць нашмат большы і мацнейшы пераемнік – сучасная Расейская Федэрацыя. Калі мы будзем культываваць савецкія міфы, мы будзем падважваць мэтазгоднасць існавання беларускай дзяржавы».

Лукашэнка ж перадусім спыніўся на дзедаўшчыне, якая стала прычынай некалькіх гучных смерцяў беларускіх жаўнераў летась. Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін тлумачыць:

«Хто захоўвае дысцыпліну і глядзіць за казармай? Звычайна стараслужачыя. І яны па-свойму разумеюць, як мусіць захоўвацца ваенны парадак. Я думаю, што калі б некаторыя камандзіры не пакрывалі дзедаўшчыну, то гэтая з’ява сышла б у падполле, калі б не вымерла зусім».

Уласна якасць камандзірскага складу выклікае сур’ёзныя пытанні. Летась для спецыяльнасці «кіраванне танкавымі падраздзяленнямі» у Ваеннай акадэміі хапала ста аднаго з чатырохсот балаў ЦТ. Нашмат больш – на спецыяльнасць «тэлекамунікацыйныя сістэмы» – 195 балаў. Вось і Лукашэнка ў сваёй прамове асаблівую ўвагу надаў ІТ-роце. Праўда, ад яе кіраўнік краіны чакае вынікаў у, цытата, «развіцці экспарту». Ці вераць самыя беларусы ў абароназдольнасць нашае арміі?

«Армія наша пайшла дагары, я так разумею».

«Баяздольнасць войска ацэньваю па 10-бальнай шкале балаў на 8. Таму што сярод цяперашняй моладзі зусім непрэстыжна стала служыць у войску».

«Я думаю, што баяздольнае ў нас войска».

«Я лічу што не, не баяздольнае войска нашае».

«У нармальным стане, у баявой гатоўнасці, як той казаў», – лічаць жыхары Магілёва.

Адмыслоўцы ж раяць верыць у светлую будучыню айчынных збройных сілаў. Аляксандр Алесін, незалежны вайсковы аглядальнік:

«Беларускае войска робіцца ўсё больш самастойным па меры таго, як на вышэйшыя камандныя пасады прыходзяць людзі, якія выраслі ў беларускім войску, прайшлі па ўсіх прыступках. Яны не служылі ў савецкім войску, не вучыліся ў савецкіх ваенных вучэльнях, у іх няма шчыльных асабістых кантактаў з расейскімі генераламі».

На высокіх трыбунах з боку Менску гучыць абурэнне дзеяннямі НАТО – што, маўляў, «абвастрае абстаноўку ў рэгіёне». Аднак учора ж памочнік міністра абароны Алег Воінаў заявіў, што Беларусь, працягваючы стратэгічны хаўрус з Расеяй, імкнецца да супрацы з НАТО. Надышла чарга шматвектарнасці вайсковай?

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu