У беларускага пратэсту – жаночае аблічча


«Я гуляю» – новы слоган, народжаны ў дні пратэстаў, а яго аўтарка – Ніна Багінская: жанчына-легенда з бел-чырвона-белым сцягам. Яна сталася ўвасабленнем ланцугоў салідарнасці і жаночых маршаў пратэсту.

З бел-чырвона-белым сцягам спадарыня Ніна гадамі выходзіць на вуліцы Менску, не зважаючы на затрыманні і шматтысячныя штрафы.

«Пачалі страляць, і ёсць ахвяры. Я ўзрушаная, як і падчас чарнобыльскай аварыі, бо пайшлі ахвяры. Таму няма чаго сядзець і цярпець – мы не рабы. Урэшце, мы адукаваныя людзі, з нармальнаю свядомасцю: як можна спакойна сядзець, ведаючы, што ў цябе за спінаю забіваюць людзей?», – кажа спадарыня Ніна.

За нястомнае змаганне актывісткі жаночага руху прапаноўваюць вылучыць Ніну Багінскую на Нобэлеўскую прэмію міру.

Затрыманні, суды, штрафы і зняволенні – толькі частка пераследу актывістак жаночых пратэстаў. Улады ціснуць на ўдзельніц рознымі шляхамі.

Дзясяткі бацькоў былі пакараныя штрафамі за тое, што выйшлі на вулічныя маршы разам з няпоўнагадовымі дзецьмі. У актывісткі Алены Лазарчык адабралі 6-цігадовага сына і вярнулі толькі пад ціскам грамадскасці. Яшчэ не завяршыўся суд над Яўгеніяй Цёмкінаю, маці дваіх няпоўнагадовых дзяцей, але на сям’ю ўжо распачаўся ціск.

«Прыйшла праверка да нас дахаты – як жывуць мае дзеці, пайшлі запыты ў паліклініку ды іншыя працэдуры, каб прызнаць маіх дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы. Я – жанчына, якая стаіць на вуліцы з кветкаю, – больш небяспечная, чым чалавек у балаклаве, які сядзіць і хлусіць суду. Хто з нас злачынца?», – задае пытанне ўдзельніца пратэсту, маці дваіх дзяцей Яўгенія Цёмкіна.

Жаночыя пратэсты распачаліся 12-га жніўня – у час жорсткага збіцця і катаванняў удзельнікаў мірных акцыяў. Спачатку жанчыны ладзілі ланцугі, а затым і маршы салідарнасці ды пратэсту. Гавораць жыхары Менску.

«Чаму яны выходзяць? Напэўна, таму, што надакучыла ўсё гэта цярпець. І, напэўна, таму, што не могуць трываць, што іх мужчыны ў руках зла – інакш гэта не назавеш».

«Бо мужчынаў пасадзілі – засталіся жанчыны. Вось яны і сталі выходзіць, каб абараніць сваіх мужчынаў».

«Гэта мірны пратэст супраць фальшавання выбараў, супраць таго, што адбываецца, супраць гвалту».

Затрыманне жанчын падчас падкрэслена мірных акцыяў пратэсту праваабаронцы называюць фактам беспрэцэдэнтнага парушэння правоў чалавека.

«Затрыманне мірных жанчын, якія не здольныя чыніць гвалт у тым памеры, які патрабуе затрымання, яшчэ раз кажа і відавочна паказвае, што гэтыя затрыманні беспадстаўныя і незаконныя. І асабліва канцэнтрую ўвагу, што гэта гвалт у дачыненні мірных людзей», – сцвярджае праваабаронца Алег Пашкевіч.

Як паведамляюць у праваабарончым цэнтры «Вясна», падчас мірных пратэстаў былі затрыманыя прыблізна 600 жанчын, аштрафаваныя на буйныя сумы – у разы больш.

Галіна Абакунчык, «Белсат»