У Беларусі зноў пачаўся свінацыд


Ачагом вострага інфекцыйнага захворвання свіней вызначаныя вёскі ў Смалявіцкім раёне. Жыхароў прымушаюць забіць гадаванцаў. Амаль 2 тыдні раённыя службы прымаюць захады, каб не дапусціць распаўсюджвання захворвання, назву якога дагэтуль не раскрываюць.

Людміла Мініч пераехала з гораду ў вёску Забалацце Смалявіцкага раёну, занялася гаспадаркаю, пачала вырошчваць свіней, сабе і ўнукам на радасць. Цяпер яе, як і жыхароў суседніх вёсак, раённыя службы прымушаюць пазбавіцца жывёлы без тлумачэння прычынаў. Паблізу вёсак няма свінафермаў, адпаведна – няма і буферных зонаў. Пачалі распаўзацца чуткі, што ў раёне – афрыканская чума.

«Ну куды гэта гадзіцца? Гэта няправільна. Трэба, каб ці сельскі савет нешта рабіў, не ведаю, ёсць жа і ветслужбы ў Смалявіцкім раёне. Раз ветслужба, дык прыйдзіце, распавядзіце людзям, якія прыкметы той чумы, афрыканская ці якая гэта чума. Бог яго ведае», – абураецца жыхарка вёскі Забалацце Людміла Мініч.

Замест гэтага ветэрынарныя службы ў суправаджэнні міліцыянтаў разносяць па хатах прадпісанні, у якіх гаворыцца, што ўладальнікі абавязаныя забіць свіней.

«Да 1 ліпеня, калі ёсць гаспадарка, каб усіх парэзалі. Нам і суседзям. У нас дык няма, але суседзі тут жа атрымалі гэтую паперу і зарэзалі. Інакш забіраюць і ўтылізуюць ці куды яны парсючкоў дзяваюць. Вядома, вельмі шкада», – кажа жыхарка вёскі Курганы Наталля Гайдай.

А пачалося ўсё з таго, што ў жыхара вёскі Дубнікі захварэлі парасяты. Ён выклікаў ветэрынараў.

«Яны перасталі есці. Потым прыехалі дактары, забілі і пахавалі іх», – распавядае жыхар вёскі Дубнікі Георгію Аруцюнян.

З гаспадаркі парсючкоў забралі яшчэ жывымі. Ніякай кампенсацыі за вывезеную жывёлу не прапаноўвалі.

«Яны сказалі, што чума гэта. Сказалі: «Можа, вы з лесу прынеслі». Неяк так атрымалася, што адначасова і ў нас, і за 10 кіламетраў, быццам усе ў адзін час з лесу прынеслі», – кажа Георгій Аруцюнян.

Гаспадар распавёў, што адразу ж прыехалі раённыя службы. Загародку, дзе жылі свінні, разабралі, увесь двор апрацавалі, зрабілі ўсё, каб не дапусціць распаўсюду афрыканскай чумы.

У вёсцы адмыслова зроблены насып з апілак, каб дэзінфікаваць увесь транспарт, які ідзе з вёскі Дубнікі. Такія насыпы зрабілі паўсюль, дзе нядаўна загінулі свінні. Аднак афіцыйнага пацверджання дыягназу «афрыканская чума» – няма. У ветэрынарнай службе Смалявіцкага раёну нам каментара не далі. У адмысловым распараджэнні Смалявіцкага выканкаму для службовага карыстання аб недапушчэнні распаўсюду і ліквідацыі хваробы пазначана толькі, што ў вёсках – асяродкі «вострага інфекцыйнага захворвання».

«Журавок, Дубнікі, Кляннік, Пацічова – гэта нейкі эпізадычны ачаг. Там каранцін. І ёсць яшчэ каранцін у блізкіх: Курганы, Забалацце, Мальцы, Шчуркі, Замосце, Юраўка, Старынка, Стрыева», – зазначае кіраўніца справаў Курганскага сельвыканкаму Ірына Магільніцкая.

Старшыня Курганскага сельвыканкаму каментаваць на камеру адмовілася, але на словах запэўнівала, што прадпісанне, каб жыхары забілі свіней, носіць рэкамендацыйны характар. Да таго ж забой адбываецца для асабістых патрэбаў. А значыць ніхто нікому нічога не скампенсуе.

Вольга Чайчыц, «Белсат».