У Беларусі зацвердзяць Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі


Мова, гістарычныя каштоўнасці, інфармацыйны суверэнітэт… У Беларусі ўпершыню паўстала агульная для ўсіх Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі. У мэсэнджары «Тэлеграм» цяпер гуляе копія адпаведнага дакументу, імаверна, чарнавік канцэпцыі, распрацаванай Саветам бяспекі і ўхваленай Лукашэнкам. Хаця гэтыя звесткі яшчэ патрабуюць пацверджання. Ад якой інфармацыі дзяржава будзе бараніцца, і якую будзе баранiць?

Мінулі часы, за якімі інфармацыю можна было чэрпаць з падкантрольных уладзе газет і тэлебачання. Інтэрнэт і безліч незалежных медыяў перанялі значную частку ўплыву.

«Непакой выклікае нарошчванне дэструктыўных уздзеянняў на грамадства, маніпуляванне масавай свядомасцю, распаўсюд недаставернай інфармацыі. Менавіта з іх пачынаюцца сацыяльныя катаклізмы сучаснасці», – кажа кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

…а сканчаюцца часцяком змяненнем улады. Савет Бяспекі мае задачу гэтага не дапусціць, прысякаць камп’ютарнае свавольства, выпрацаваць інфармацыйны суверэнітэт унутры краіны і збудаваць моцны шчыт ад вонкавых фэйкавых навін. А што з уласна створанымі?

«Фэйкавыя фільмы «Жалезам па шклу» ці апошнія паведамленні, артыкулы і фільмы пра справу патрыётаў «Белага легіёну», то дзяржава безумоўна ўмее. Іншая справа, што гэта не дадае ані падпісчыкаў, ані аўтарытэту дзяржаўным СМІ», – тлумачыць палітычны аглядальнік Радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

А менавіта іхны ўплыў даручана пашыраць. Абапіраючыся на закон і стратэгічныя мэты дзяржавы Савет бяспекі мае абараняць інфармацыйную прастору краіны – згодна першаю ў сваім родзе нацыянальнай Канцэпцыяй. Яе копія «трапіла» у Тэлеграм-каналы. Палітычны аглядальнік Арсень Сівіцкі кажа:

«Хутчэй за ўсё такім чынам улады хочуць патэсціць рэакцыю грамадства».

«Калі інфармацыя неяк трапіць да людзей, то яна не звыш таямнічая. А калі звыш таямнічая – то гэта не праблема навінаў. Гэта праблема ва ўрадзе. Нехта гэтую інфармацыю злівае».

«Інфармацыя, якая нясе шкоду нашым дзецям, мае кантралявацца дзяржаваю, а рэшта, мне падаецца, абсалютна даступная і на сваім месцы».

«Заўсёды гэта будзе скарыстана дзеля закручвання гаек і нейкія людзі ў пагонах з зоркамі прыкруцяць сабе яшчэ па адной», – каментуюць жыхары Менску.

Частка экспертаў непакоіцца, што абмяжуюць магчымасць адэкватна інтэрпрэтаваць і распаўсюджваць навіны. У «Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі» побач з неабходнасцю наладжваць дыялог між дзяржаваю, бізнесам і людзьмі знаходзіцца ідэя стварыць электронны ўрад, які будзе рэгуляваць рух інфармацыі і абяцае не парушаць прыватнасці!

«Дзяржава з’яўляецца асноўным гульцом у галіне кібербяспекі і таму відавочна, што дзяржава будзе мець доступ да ўсіх масіваў дадзеных інфармацыі, якія цыркулююць у беларускім сегменце інфапрасторы», – кажа Арсень Сівіцкі.

Ілюструе гэты момант так званая «справа БелТА». У хадзе справы следчыя незаконна сачылі за перапіскаю журналістаў незалежных медыяў, што выявілася ў судзе.

У чарнавіку ці копіі Канцэпцыі бачым таксама раздзел пра беларускую мову. Яна названая адным з гарантаў інфармацыйнага суверэнітэту і бяспекі дзяржавы, як і гістарычныя каштоўнасці.

«Улады рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў і ў цэлым да сваёй дакладнай інфармацыйнай палітыкі падчас гэтых палітычных бітваў, у тым ліку падчас замежных палітычных бітваў, перадусім з Расеяй, бо з Захадам усё спакойна», – дадае Віталь Цыганкоў.

План інфармацыйнай бяспекі зацвердзяць на наступным тыдні. Кажуць што канцэпцыя – гэта не закон, але любы зацверджаны кіраўніком краіны дакумент на практыцы мае аднолькавую моц.

Юлія Цяльпук, belsat.eu