У Беларусі запаволілася інфляцыя


Інфляцыя… запаволілася! Сёлета кошты выраслі крыху менш, чым на 6 %. Цікавы факт: рэгуляваныя дзяржаваю цэны растуць хутчэй за свабодныя. Чаму ўлады не могуць стрымаць падаражэння тых прадуктаў, якія нібыта трымаюць пад кантролем? І што было б, калі б дзяржава не ўмешвалася ў справы вольнага рынку?

Найтаннейшы гурок – у жніўні. Сезонныя харчы і рэгуляванне тарыфаў 0,3 % адсотка запаволілі сярэднегадавую інфляцыю. Сяброўкі Людміла і Наталля з Магілёву гэтага не адчулі… Калі жывеш на адную пенсію, даводзіцца ашчаджаць не толькі на харчах.

«На тэлефонах… раней у мяне былі адныя тарыфы, цяпер іншыя. Гэтаксама на інтэрнэт – уваходзім у нейкія іншыя рамкі», – гаворыць жыхарка Магілёва Людміла Лазаранка.

«А калі ёсць захапленні, як у мяне жывапіс, то гэта асобны артыкул выдаткаў, вельмі цяжка набываць», – дадае жыхарка Магілёва Наталля Максіменка.

Вячаслаў Ваньковіч і пенсію атрымлівае, і яшчэ працуе, але ашчаджаць мусіць гэтаксама:

«Вось набыў машыну – няма чым запраўляць, вось і эканом, на чым толькі магчыма».

Няхай кошты на сезонную ежу зменшыліся, але выраслі на рэгуляваныя ўладамі тавары і паслугі, як тытунь і гарэлка, тарыфы ЖКГ. Лідаруюць у гэтым спісе – паслугі дашкольных установаў (↑ 20,8 %) і вышэйшай адукацыі (↑ 17,5 %), а таксама ўзгаданае аўтамабільнае паліва (↑ 14,9 %).

Раней улада гэтыя кошты штучна стрымлівала, цяпер – адпускае, кажа эксперт Вадзім Іосуб:

«Калі звычайныя тавары падаражэлі ў нас ужо даўно да рынкавага ўзроўню, то падаражэнне рэгуляваных коштаў адбываецца цяпер, таму ёсць адчуванне, што яны растуць хутчэй за астатнія кошты».

Гадавая базавая інфляцыя на канец лета склала 4,8 % з запланаваных на год 5 %. На вераснёўскай нарадзе ў пытаннях эканомікі Аляксандр Лукашэнка нагадаў:

«Выкананне плану па ўсіх кірунках – галоўная задача Ураду. Гэты год і наступны – асаблівыя, гады парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, мы здаем іспыт, таму ў ва ўсім мусім як след падцягнуцца».

У чым канкрэтна падцягнемся, кіраўнік не акрэсліў. Але раней абяцаўся падцягнуць заробкі бюджэтнікам. Налета выплаты для іх могуць зменшыцца з-за некампенсаванага Масквою падатковага манеўру. Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык кампаніі «ALPARI»:

«Гэта адаб’ецца на памяншэнні прыбыткаў бюджэту, але магчыма менавіта гэта станецца прычынаю, якая змусіць кіраўніцтва краіны ўсё ж пайсці на нейкія рэформы».

Чацверты квартал года – гэта падвядзенне вынікаў, але і выпрацоўка планаў развіцця краіны на будучыню. Кіраўнік краіны рэфармуе кадравы склад:

«Я сумняваўся, ці варта пакідаць кіраўніком на прадпрыемстве таго, хто цяпер намеснік кіраўніка. Потым думаю – ладна, ведаеце прадпрыемства – зробіце ўсё, каб яно працавала годна».

Неўзабаве наведае ды праверыць.

Юлія Цяльпук belsat.eu