У Беларусі з'явіўся міністр, які ад усіх уцякае


Не любіць вострых пытанняў, і таму ад іх проста ўцякае. Гэтак міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў сёлета ўцякаў ад пытання журналістаў пра напад вучня адной са сталічных гімназіяў з нажом на настаўніцу.

Сёння гісторыя з уцёкамі міністра паўтарылася. Ён раптоўна адмяніў запланаваную сустрэчу з дэпутаткай ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганнай Канапацкай, якая збіралася да Жураўкова разам з лідарам партыі Анатолем Лябедзькам і, натуральна, з нязручнымі пытаннямі. Замест гэтай сустрэчы Жураўкоў адправіўся да нядаўна прызначанай сенатаркі Марыяны Шчоткінай.

Праблема ў праблеме ці ў апазіцыянерах?

«У нас ёсць добрыя дэпутаты і ёсць дрэнныя. І ёсць апазіцыйныя, з якімі можна не сустракацца, таму што там могуць быць тэмы не вельмі прывабныя. А можна паехаць са Шчоткінай папіць «кафея», паразмаўляць пра надворʼе і ўсё астатняе», – зазначыў Анатоль Лябедзька.

Пытанні ж, з якімі сябры Абʼяднанай грамадзянскай партыі ішлі да Жураўкова, сапраўды вострыя і нязручныя. І не толькі для міністра адукацыі.

Не падручнікі чытаць, а бульбачку капаць

«Гэта гібель дзіцяці або адцягванне нашых дзяцей ад адукацыйнага працэсу, вываз іх на палі для ўборкі ўраджаю, бульбы, няважна чаго. Мы ж усе разумеем, што гібель дзіцяці, якая здарылася ў Маладзечанскім раёне, гэта абуральны выпадак, такога не павінна быць у сучасным свеце», – упэўненая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Трагедыя, якая адбылася сёлета ў верасні ў адной з гаспадарак Маладзечанскага раёну, атрымала вялікі розгалас. Трынаццацігадовую дзяўчынку, вучаніцу сярэдняй школы № 11 Маладзечна, задавіла цяжкавіком на полі падчас гэтак званых добраахвотна-прымусовых працаў.

Зварот, які сёння мусіў пабачыць міністр адукацыі Жураўкоў, рыхтаваў юрыст, сябра прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка. У ім пытанне: хто загадаў адарваць навучэнцаў ад адукацыйнага працэсу і вывезці на працы ў поле? Раней такі ж дакумент Судаленка ўжо высылаў у Міністэрства, але атрымаў адпіску.

Пры гэтым самыя чыноўнікі звярнулі ўвагу на артыкул 89 Кодэксу аб адукацыі: навучэнцаў не можна прыцягваць да працаў, якія не ўваходзяць у вучэбны план. Ёсць падобны артыкул і ў Кодэксе працы, які кажа, што любы прымус забараняецца, а працоўны мусіць выконваць толькі тое, што прадугледжана ягонай дамоваю. Тым не менш, сёння на сайце «Нашай Нівы» зʼявілася новае сведчанне прымусу: у Вілейскім раёне рабочых выгналі прыбіраць сухую кукурузу, якую днямі пакасіў трактар.

Дык, можа, адказаў на вострыя пытанні варта шукаць не толькі ў Міністэрстве адукацыі? Хоць паводзіны чыноўнікаў не даюць спадзеву, што адказы будуць.

Алесь Яшчанка, Белсат, фота: svaboda.org