Аб'ектыў 12.10.2019 У Беларусі з’явіўся клуб пенсіянераў, якія не хочуць толькі пячы піражкі для ўнукаў


Ілюстрацыйнае фота – Наталля Фядосенка/ТАСС/Forum

11–13 кастрычніка пад Гомлем праходзіць Фестываль шчаслівых людзей «Файны ўзрост». Ягоная ідэя – як знайсці сэнс жыцця і шчасце ў кожным веку.

«[Тут] збіраюцца людзі, якія пераадолелі страх старэння, якія развялі міф, што пасля пяцідзесяці нічога новага і цікавага не чакае, якія смаглі змяніць сябе, спыніць свой біялагічны ўзрост», – кажа экспертка ў прыгажосці ды здароўі Эмілія Янсан.

Адная з такіх шчаслівых – Ларыса Петрушэнка. Жанчына кажа, што яе зацікавілі выступы ментараў, коўчаў і псіхолагаў, якія будуць ладзіць трэнаванні ў межах фестывалю.

«Некаторыя людзі, калі ім спаўняецца пяцьдзясят і далей, якія выходзяць на пенсію, – ім падаецца, што жыццё спынілася і ўжо трэба пячы піражкі для ўнукаў, клапатаць аб сваёй сям’і. Але я з катэгорыі іншых, якім усё цікава! Люблю адукавацца і браць удзел у розных імпрэзах» – кажа яна.

«Праблем у людзей узросту пяцьдзясят пяць плюс дастаткова шмат. Якія гэта праблемы? Накопленыя страхі. Накопленыя трывогі. Стомленасць. Адсутнасць энергіі. Адсутнасць новых сэнсаў жыцця» – дзеліцца экзістэнцыйны псіхолаг Гала Навуменка.

Першы крок – вызначыць гэтыя праблемы для самога сябе. На імпрэзе ж падказвалі, як і развязаць.

«Я разумею, што мы не вельмі любім слова «праца над сабой», але гэта праца над сабой. Гэта разбор: што мне замінае пабудаваць тое жыццё, якое я хачу. Што мне замінае зноў быць шчаслівай. Што мне замінае зноў быць энергетычнай. Што мне замінае шукаць новыя адносіны. Што мне замінае шукаць новую рэалізацыю», – дадае Гала Навуменка.

Адказы на гэтыя пытанні ўдзельнікі фестывалю паспрабуюць знайсці разам з экспертамі ў творчасці, фітнесу, СПА, прыгажосці ды іншымі. Апроч таго, усе, хто трапіў на імпрэзу, аўтаматычна становяцца сябрамі клубу «Файны ўзрост» – то бок цягам года змогуць браць удзел у тэматычных трэнінгах, крэатыўных сустрэчах і каворкінгах.

Рэпартаж Яна Вярбіцкага глядзіце ў поўным выданні навінаў за 12 кастрычніка

Глядзі таксама
Каментары