У Беларусі з’явіцца намеснік Пуціна


Былому прэм’еру Чачэніі Міхаілу Бабічу, чыя кандыдатура разглядаецца на пасаду новага амбасадара Расеі ў Беларусі, прапанавалі стаць яшчэ і адмысловым прадстаўніком Уладзіміра Пуціна ў нашай краіне. Гэткая пасада – надзвычай рэдкая зʼява ў практыцы: дагэтуль, напрыклад, паўнамоцтвы спецпрадстаўніка прэзідэнта мелі хіба што толькі расейскія амбасадары ва Украіне.

На пасады адмысловага прадстаўніка прэзідэнта Пуцін прызначае чыноўнікаў у расейскія рэгіёны. Цяпер, як сцвярджаюць неназваныя крыніцы РБК у Міністэрстве замежных справаў Расеі, Крэмль хоча ўвесці такую пасаду і для Беларусі.

Як паведамляе РБК, пасада адмысловага прадстаўніка прэзідэнта ў Расеі ёсць, хутчэй, адміністратыўнай, чымся дыпламатычнай. Чыноўнік з гэтымі паўнамоцтвамі можа даваць даручэнні органам выканаўчай улады у Маскве, збіраць нарады з тамтэйшымі ўрадоўцамі. То бок, не проста перадаваць пасланні дыпламатычнаму начальству, а сам, сваімі паўнамоцтвамі, вырашаць пэўныя пытанні.

«Я думаю, што гэта – спосаб зрабіць кандыдатуру больш прывабнай, каб Лукашэнка мог наўпрост вырашаць нейкія пытанні, асабліва – у канфліктных сітуацыях, кшталту, малочных, газавых ці іншых войнаў», – лічыць метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Пра харчовыя войны Міхаіл Бабіч ведае з першых рук. Напрыканцы 1990-х ён працаваў віцэ-прэзідэнтам расейскай дзяржаўнай карпарацыі «РосМясаМалГандаль». Але асноўныя ягоныя кампетэнцыі – у галіне сапраўдных войнаў. Былы палкоўнік паветрана-дэсантных войскаў, на пачатку нулявых, на пасадзе прэмʼер-міністра Чачэніі, ён займаўся замацаваннем улады Крамля ў гэтай нядаўна заваяванай каўказскай рэспубліцы. У 2014-м годзе, у якасці намесніка старшыні камітэту абароны Дзярждумы, меў дачыненне да аперацыі захопу ўкраінскага Крыму.

«У Бабіча вельмі дрэннае CV ці рэзюмэ для таго, каб прэтэндаваць на ролю пасла ў нейкай краіне», – дадае Мацкевіч.

Дарэчы, апошняя вядомая краіна, чый расейскі амбасадар меў такія надзвычайныя паўнамоцтвы, – Украіна. Тады дыпламатычную місію там ачольваў Міхаіл Зурабаў. У 2016 годзе Зурабава меў замяніць акурат Бабіч, але Кіеў не ўзгадніў ягонай кандыдатуры. Не спяшаецца на яе пагаджацца і афіцыйны Менск, хоць, фармальна, дакументаў на ўхваленне Бабіча беларускае МЗС яшчэ не атрымлівала.

«Ці сапраўды Менску не падабаецца [Бабіч] – гэта пытанне інфармацыйнай вайны, якую развязалі расейскія рэсурсы вакол прызначэння Бабіча. І хто тут каго хоча больш паставіць, а хто, сапраўды, чымсьці не задаволены, немагчыма разабрацца, не ведаючы, сапраўды, рэальнай сітуацыі», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Агулам, апытаныя намі адмыслоўцы згаджаюцца ў тым, што, хоць Крэмль і падае прызначэнне Бабіча ў Беларусь амбасадарам і адмысловым прадстаўніком Пуціна як павелічэнне ўплыву Менску на рашэнні ў Маскве, мэта Крамля – наадварот, актывізаваць рычагі свайго ўплыву ў Беларусі.

«Якраз цяпер прызначэнне гэтага новага чалавека Міхаіла Бабіча, які, паводле расейскіх СМІ, мае ледзь не непасрэдны выхад на Пуціна, мае паказаць, што гэты чалавек можа вырашаць нейкія беларуска-расейскія пытанні больш эфектыўна», – падсумоўвае Цыганкоў.

Сярод праектаў, якія Масква ў розны час называла прыярытэтнымі для сябе ў Беларусі, – пакупка беларускіх нафтаперапрацоўчых і вайсковых заводаў, адкрыццё ў нашай краіне расейскай вайсковай базы і ўсталяванне кантролю над заходнімі межамі Беларусі.

Станіслаў Івашкевіч