У Беларусі ўзнікаюць народныя дружыны


Святлана Ціханоўская заклікае сілавікоў перайсці на бок народу і не выконваць злачынных загадаў. Паводле агучанага ўльтыматуму, міліцыянты і спецслужбы маюць на гэта 5 дзён. А сілавому апарату не хапае людзей – хтосьці публічна здае пагоны, хтосьці звальняецца ціха. У дапамогу міліцыянтам сталі набіраць цывільных – гэта тыя самыя людзі без мундзіраў, але з чырвонымі павязкамі.

На вуліцах беларускіх гарадоў з’явяцца людзі з чырвонымі павязкамі на рукаве. У дапамогу сілавікам фармуюцца народныя дружыны.

«Па-мойму, столькі сілавікоў на вуліцах – навошта яшчэ гэтыя дружыны? І так людзі без формы, усе баяцца іх».

«Усю маю маладосць дружыннік былі. І сёння як я па тэлевізары глядзела, для навядзення парадку. Гэта трэба абавязкова рабіць».

«Гэта проста глупства чарговае. Гэта статус патрэбны, гэта патрэбны ім нейкія правы, дубіну даць, трэба іх падбіраць. А падбіраць няма каго. І што яны будуць абараняць? Ад чаго?» – кажуць жыхары Менску.

Паводле начальніка менскай міліцыі Івана Кубракова, добраахвотнікі маюць дапамагаць ахоўваць грамадскі правапарадак. Палажэнне пра дружыннікаў Міністэрства ўнутраных справаў не распаўсюдзіла.

«Функцыі гэтых дружыннікаў пакуль улада не кажа, і не вядома, якія будуць функцыі. Пакуль што, як бачу я, гэта назад у СССР. Зноў мы адраджаем дружыннікаў», – гаворыць былы капітан міліцыі Павел Левінаў.

Добраахвотнікаў будуць заахвочваць фінансава. Удзельнічаць у ініцыятыве можа любы паўналетні грамадзянін Беларусі. А як жа веданне законаў – задаецца пытаннем былы следчы Андрэй Астаповіч.

«Дружыннікі павінныя разумець усе законы. Гэты чалавек, калі прыходзіцца паведамляць, што я нешта парушыў, павінен разумець і гаварыць канкрэтна, што я парушыў. Калі ён законаў ведаць не будзе, то гэта будзе такая дружына – прыйсці разагнаць, палкай паганяць і гэтак далей. Гэта вельмі небяспечна. З іншага боку, людзі могуць так сама паступіць – сабраць свае дружыны, і пачнецца супрацьстаянне», – зазначае Астаповіч.

Справакаваць канфлікты можа і цяжкасць ідэнтыфікацыі дружынніка.

«У нас і дзейныя супрацоўнікі не вельмі прадстаўляюцца, калі падыходзяць да людзей, калі ўзяць сітуацыю ў двары са сцягам, ці спяваюць і гэтак далей», – кажа Андрэй Астаповіч.

Колькасць працаўнікоў унутраных справаў у Беларусі на 100 тысячаў насельніцтва самая вялікая ў Еўропе. Між тым Святлана Ціханоўская абвесціла сілавікам дэдлайн пераходу на бок народу – 25 кастрычніка – і заклікала не выконваць злачынных загадаў.

«Рэжым ведае, што памірае, – і намагаецца падзяліць свой лёс з усімі вамі, запэцкаўшы гонар вашай формы. Не дапусціце гэтага. Адказнасць панясуць персанальна тыя, хто чыніў злачынствы. Пагалоўнай люстрацыі не будзе. У новай Беларусі патрэбная вашая праца, патрэбная сістэма сілавых ведамстваў», – падкрэсліла Ціханоўская.

Да Народнага ўльтыматуму засталося 5 дзён.

Анастасія Русецкая, belsat.eu