Аб'ектыў 28.09.2017 У Беларусі распачаўся пераслед удзельнікаў антываенных пратэстаў


Расейскія войскі, што ўдзельнічалі ў буйных вучэннях «Захад-2017», пакінулі Беларусь. І распачаўся пераслед удзельнікаў антываенных пратэстаў восьмага верасня. Адразу два суды за тую акцыю пратэсту прайшлі 28 верасня, і гэта, на меркаванне праваабаронцаў, толькі пачатак.

Тысячу трыццаць пяць і тысячу сто пяцьдзясят рублёў штрафу за ўдзел у акцыі супраць вучэнняў «Захад-2017» мусяць сплаціць Вячаслаў Сіўчык ды Антон Жылко, адпаведна. І хаця, здавалася, такія судовыя працэсы здзівіць ужо не могуць, гэтае паседжанне было адметнае, адзначае ўжо асуджаны грамадскі актывіст.

«Тое, што было ў матэрыялах справы – яны пішуць «палітвязні» без дужак, такім чынам ува ўсіх працэсуальных дакументах прызнаецца, што ў нас ёсць палітвязні. І ні суд, ні самыя сведкі-амапаўцы не змаглі патлумачыць – што гэта адбываецца, ці ўжо прызнана ўслед за праваабаронцамі, што ў нас палітвязні сядзяць у Беларусі», – кажа актывіст Антось Жылко.

Магчыма, каб пазбегнуць такіх пытанняў, працэс над Вячаславам Сіўчыкам адбываўся без прысутнасці сведкаў правапарушэння.

«Быў рапарт ад кіраўніка РУУС – тое, што яны на працы, прыйсці не могуць і проста пісьмова выслалі копію рапарту і ўсё – вось і ўсе доказы», – адзначае праваабаронца Крысціян Шынкевіч.

Сам фігурант гэтага працэсу таксама пастанавіў не марнаваць уласнага часу. Вячаслаў Сіўчык нагадвае, што акцыя пратэсту, падчас якой, зрэшты, нават не складалі пратаколаў на ўдзельнікаў, не магла стацца нечаканасцю для ўладаў сталіцы.

«Што тычыцца акцыі восьмага верасня – гэта можна паглядзець па стрымах – яна абсалютна не парушала нічога, нават лукашэнкаўскае заканадаўства. Больш за тое, Мікола Статкевіч загадзя накіраваў уведамленне ў Менскі гарвыканкам», – адзначыў Вячаслаў Сіўчык.

Пра акцыю, а дакладней пра яе ўдзельнікаў улады ўзгадалі толькі пасля заканчэння расейска-беларускіх манеўраў. Паводле праваабаронцаў, сённяшнія два суды – гэта толькі пачатак.

«Мы зрабілі копію адной старонкі рапарту намесніка кіраўніка РУУС – іхняга патрулю. У тым спісе каля 30–40 асобаў, якіх будуць судзіць – там іхнія імёны і прозвішчы», – кажа праваабаронца Крысціян Шынкевіч.

Між іншага, у гэтым спісе фігуруюць грамадскія актывісты Яўген Афнагель і Ніна Багінская. На гэты момант адміністратыўны арышт атрымаў толькі актывіст Леанід Кулакоў. Якому давялося пэўным чынам дапамагчы айчыннай пенітэнцыярнай сістэме. Каб дамовіцца пра арышт, спатрэбілася некалькі дзён.

«Да мяне ператэлефанавалі, кажа – усё, я гатовы, але мне трэба адаспацца, чалавек стаміўся. На пытанне – як будуць дастаўляць мяне – сказаў, уласнаю хадою. Няма машыны, ну што зробіш? І чаму я павінен ехаць у турму за ўласныя грошы. Я гэтак ашчаджаю паліва МУС і МУС мне павінна аплаціць праезд», – кажа Кулакоў.

У выніку Кулакоў паехаў на содні грамадскім транспартам «зайцам». На шчасце, кантралёры яму не сустрэліся, а калі б і сустрэліся, то прасіў бы ўжо іх даставіць сябе асуджанага – у міліцыю.

Усевалад Шлыкаў

Глядзі таксама
Каментары