У Беларусі працягваюцца суды над беларусамі за акцыі салідарнасці


Праехаўся па Горадні ў аўтамабілі з бел-чырвона-белым сцягам ды ўключанай песняй Цоя «Перамен» – атрымаў 675 рублёў штрафу. Суд Ленінскага раёну абвінаваціў Уладзіміра Родчанку ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Мяне спыніў працаўнік ДАІ з мігалкай уключанай на Сацыялістычнай, не патлумачыў прычыны, праверыў дакументы, з імі аказалася ўсё добра, таму ён сказаў, што трэба праследаваць у РУУС», – распавёў жыхар Горадні Урадзімір Родчанка.

Уладзімір не мог трапіць дадому. Машыну, у якой былі ключы ад кватэры, міліцыянты забралі як рэчавы доказ да ўступлення рашэння ў законную сілу.

«Гэта не сродак парушэння, ён не перавозіў праз мяжу нечага забароненага, ці не размясціў на дзверцах аўтамабіля нейкай перадвыбарчай агітацыі аднаго з кандыдатаў, і таму ніякага права не мелі забіраць гэты аўтамабіль, канфіскоўваць і трымаць у Ленінскім РАУС», – мяркуе праваабаронца Раман Юргель.

У сталіцы ж меліся судзіць чаргу ў краму «Symbal.by». Аднак паседжанні з учора і сёння – перанеслі на нявызначаны тэрмін. Што праўда, на 54 рублі аштрафавалі Аляксандра Галубкова за дробнае хуліганства – справу, паводле якой на маладзёна не было складзена нават пратаколу.

«Затрымлівалі нас працаўнікі абсалютна іншыя, працаўнікі міліцыі на аўтамабілі «Джылі», тут ніякага аўтазака не было, – тое, што яны сведчылі пра нас», – кажа абвінавачаны ў дробным хуліганстве Аляксандр Галубкоў.

Аляксандр трапіў у цэнтр спрэчак з аўтамабілістам, што наехаў яму на нагу. Рассудзіць інцыдэнт прыехала міліцыя і ДАІ, таму разам з іншымі яго не забралі ў аўтазак. Ажно на 1080 рублёў аштрафавалі кандыдата пратэсту Уладзіміра Няпомняшчых. Збор подпісаў за ўласнае вылучэнне суд Цэнтральнага раёну Гомля прыраўняў да несанкцыянаваных пікетаў.

«Так, я выступаў, у мяне карэспандэнты запытвалі, так, у мяне людзі запытвалі. Дзе ў законе запісана, што мне нельга размаўляць з людзьмі пры зборы подпісаў?», – кажа кандыдат пратэсту Уладзімір Няпомняшчых.

За ўдзел у нібыта несанкцыянаваным пікеце меліся агучыць рашэнне і Пятру Мігурскаму – журналісту сайту «Магілёўскі рэгіён», які асвятляў збор подпісаў за Юрыя Губарэвіча на вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. Разгляд справы перанеслі.

«У мяне была задача – даць рэпартаж. Я напісаў два артыкулы ў той дзень пра пікет у Шклове і ў вёсцы Александрыя», – мяркуе Пётр Мігурскі.

Падставай скласці акт ды перадаць яго ў міліцыю сябры частковай камісіі палічылі надпіс на адваротным баку стэнду – «Падпішы петыцыю за перанос выбараў пасля эпідэміі і без Лукашэнкі», паблізу якой стаяў Пётр Мігурскі.

«У гэтым выпадку, калі і было нейкае парушэнне, то не Закону пра масавыя мерапрыемствы, а Выбарчага кодэксу, і раённая выбарчая камісія мела ўсе магчымасці зрабіць уласныя захады. У дадзеным выпадку – вынесці папярэджанне», – кажа праваабаронца Барыс Бухель.

Шырыцца між тым не толькі адміністратыўны пераслед актывістаў. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», ужо як мінімум 13 грамадзянаў затрымалі ў межах распачатых крымінальных справаў пасля падзеяў 14 ліпеня – за супраціў міліцыянтам, гвалт у іх дачыненні ды парушэнне грамадскага парадку. Тады менчукі выйшлі на стыхійны пратэст супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы ды Віктара Бабарыкі.

Юлія Лабанава, «Белсат»