У Беларусі працягваюцца суды над актыўнымі грамадзянамі


Запрашэнне ў суд Уладзіслаў Лявоненка атрымаў праз СМС-паведамленне, у якой жа справе – толькі здагадваўся. 15 ліпеня разам з сотнямі іншых беларусаў ён стаяў у чарзе ў Цэнтральную выбарчую камісію – падаць скаргу на нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі ды Валерыя Цапкалы кандыдатамі на прэзідэнцтва.

«Мяне затрымалі ў той час, як я проста шпацыраваў па вуліцы ўвечары. Так што мне здаецца, што гэта незаконна, і трэба дамагацца справядлівасці», – распавёў студэнт БДТУ Уладзіслаў Лявоненка.

Толькі ЦВК скончыла сваю працу – грамаду людзей на плошчы сілавікі расцанілі як несанкцыянаваную акцыю. Аўтазакам маладзёна адвезлі ў РУУС, апыталі ды адпусцілі, нават не склаўшы пратаколу. Сфатаграфаваць матэрыялы справы Уладзіславу не дазволіла суддзя. Паседжанне перанеслі, бо бракавала сведак. А суд Цэнтральнага раёну Гомля другі раз перанёс абвяшчэнне пастановы для Юрыя Германовіча, сына журналісткі БелаПАНу Алены Германовіч і журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Паўла Міцкевіча. Маладзёна вінавацяць у парушэнні грамадскага парадку. Маўляў, размахваў рукамі ды замінаў грамадзянам святкаваць Дзень незалежнасці.

«Пастановы пакуль няма, але ўжо бачна, што справядлівы суд паступае несправядліва: ён адмовіў у задавальненні хадайніцтва адваката, каб прадэманстравалі відэазапіс з камераў назірання. Відэазапіс адказаў бы на пытанне, ці гэты хлопец махаў рукамі, чапляўся ён да грамадзянаў ці не», – мяркуе праваабаронца Леанід Судаленка.

Бацькі маладзёна звязваюць распачатую справу супраць сына са сваёй прафесійнаю дзейнасцю: асвятленнем арыштаў, пікетаў і мітынгаў.

«Калі ён быў у ІЧУ, працаўнікі міліцыі папярэджвалі, каб гэта не прагучала нідзе ў СМІ. І менавіта прагучалі словы, каб твае бацькі нічога не пісалі. То бок яны ведалі, хто ягоныя бацькі, гэта не хлопчык, які выпадкова трапіўся», – кажа маці Юрыя Германовіча, журналістка Алена Германовіч.

Учора ж у Менску 12-дзённы арышт прысудзілі актывісту Пятру Маркелаву. Паводле якой справы – застаецца невядомым. Гэтаксама соднямі пакаралі яшчэ адзінаццаць з 50 затрыманых ля будынку КДБ беларусаў. З пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі каля тысячы двухсот незаконных затрыманняў.

«Кампанія адбываецца на фоне няспынных рэпрэсіяў. Я думаю, што гэта звязана з жаданнем нагнятання атмасферы страху ў грамадстве. І заадно – ізаляцыя патэнцыйна з пункту гледжання ўладаў небяспечных грамадзянаў, якія могуць арганізоўваць і ўдзельнічаць у мірных сходах», – мяркуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Новай адметнасцю сёлетняй выбарчай кампаніі Валянцін Стэфановіч называе выкарыстанне таксама крымінальнага пераследу ў дачыненні грамадзянаў: для ўзмацнення рэпрэсіяў і запалохвання.

Юлія Лабанава, «Белсат»