У Беларусі прайшлі два рок-фестывалі за адмену смяротнага пакарання


Беларускія музыкі дапамагаюць праваабаронцам уздымаць са сцэны пытанне смяротнага пакарання. Падобнае раней было ў Італіі.

Позна ўвечары нядзелі ў Магілёве скончыўся канцэрт «Рок за жыццё» – Nizkiz, РСП, Relikt, Крама і «Luty sakavik». Напярэдадні падобная імпрэза прайшла ў сталіцы. Абедзве – у межах Тыдня супраць смяротнага пакарання.

Уладзімір Лянкевіч з гурта «Luty sakavik» кажа, што ўдзельнічае ў канцэрце, каб давесці, што «смяротнага пакарання не павінна быць у сучасным грамадстве».

«Усё ж такі цывілізацыя перакрочыла гэтую мяжу», – дадаў музыка.

Нехта з наведнікаў таксама ўсведамляў важнасць праблемы:

«Прыйшла на канцэрт, бо я супраць смяротнага пакарання».

«Гэта лагічна, не людзям судзіць, каму жыць, а каму не жыць».

Нехта прыйшоў проста паслухаць улюбёныя гурты:

«Мы з’яўляемся прыхільнікамі гурта Nizkiz, яны хэдлайнеры апошніх канцэртаў, мы іх вельмі любім, таму прыйшлі».

А нехта спалучыў прыемнае з важным:

«Мы прыйшлі дзеля Nizkiz, і дзеля таго, каб у Беларусі нарэшце адмянілі смяротнае пакаранне. Ва ўсёй Еўропе ўжо даўно адмянілі смяротнае пакаранне, Беларусь павінная ісці за Еўропай крок у крок».

Менавіта такое спалучэнне і мелі на мэце арганізатары канцэрту, які ладзіцца ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання.

«У Італіі ў перыяд, калі было смяротнае пакаранне, былі аналагічныя канцэрты. І пасля адмены смяротнага пакарання там таксама захоўваюцца гэтыя канцэрты, як напамін», – кажа арганізатар «Року за жыццё» Віталь Зыблюк.

Праваабаронцы прыводзяць мноства аргументаў за адмену смяротнага пакарання, і не заўсёды відавочныя.

«Калі існуе смяротнае пакаранне, то існуюць і людзі, якія выконваюць смяротнае пакаранне – гэта каты ад імя дзяржавы», – адзначае Паліна Сцепаненка з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Але асноўны аргумент – магчымасць судовых памылак. У Беларусі да гэтага падключаецца і адсутнасць незалежнае судовае сістэмы, адзначае Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава Кавалёва, якога разам з Дзмітрыем Канавалавым пакаралі смерцю ў справе тэракту ў менскім метро:

«Як у нашай справе, указаў Лукашэнка правесці так следства і вынесці вырак, так яны і зрабілі. У судзе не прагучала ніводнага доказу віны хлопчыкаў. Тут намеранае забойства з боку дзяржавы. Я так лічу, што яны скрываюць сваё злачынства, таму яны так зрабілі з нашымі дзецьмі».

Спадарыня Любоў спадзяецца, што некалі ў Беларусі адменяць дзяржаўныя расстрэлы. Сярод іншага, і дзякуючы такім кампаніям, як Тыдзень супраць смяротнага пакарання.

Рэпартаж Вітаўта Сіўчыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 6 кастрычніка