У Беларусі пачалася «вакханалія» беспрацоўя


Звольнілі больш, чымся прынялі на працу, але колькасць беспрацоўных зменшылася. Гэткую парадаксальную тэндэнцыю абмаляваў Нацыянальны статыстычны камітэт па выніках лістапада.

Зрэшты, нават афіцыйная статыстыка прызнае, што звольненых у Беларусі сёлета было амаль на 100 тысячаў болей за тых, каго ўзялі на працу. Але, паводле Белстату, пераважная бальшыня з іх зрабіліся не беспрацоўнымі, а проста выбылі з ліку эканамічна актыўнага насельніцтва. То бок і не шукаюць працы, бо выйшлі на пенсію ці заняліся хатняй або дапаможнаю гаспадаркаю. Незалежныя прафсаюзы сцвярджаюць, што гэта не так. Бальшыня звольненых працу шукае, але не хоча рэгістравацца ў цэнтрах занятасці.

«Ідзе скарачэнне людзей, людзей звальняюць па сканчэнні кантракту. І я не ведаю ніводнага дзяржаўнага прадпрыемства, якое б набірала людзей на любыя прафесіі – ці гэта токар, ці фрэзероўшчык, ці гэта эканаміст», – кажа кіраўнік свабоднага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Што праўда, паводле Міністэрства працы, кардынальна палепшылася і сітуацыя з вакансіямі. Калі летась за кожную сотню вакансіяў змагаліся амаль паўтары сотні шукальнікаў, то цяпер прапорцыя выраўнялася – 101 шукальнік на 100 вольных месцаў. А ўзровень беспрацоўя ўпаў з аднаго адсотка ад працаздольнага насельніцтва год таму да 0,8 %. Наколькі гэта адпавядае назіранням беларусаў, мы спыталі менчукоў.

«Махляры! Акулярашаравальнікі!», – кажа адзін з мінакоў.

Адмыслоўцы тлумачаць: часткова статыстыка паляпшаецца за кошт усё большай колькасці нізкааплатных вакансіяў. Партал Тут.бай, прааналізаваў агульнарэспубліканскі банк вакансіяў і выявіў, што больш за палову з іх складаюць прапановы з заробкам менш як 350 рублёў за месяц, прычым – на кваліфікаваныя спецыяльнасці. Гэтак, аператара станка і слесара там хочуць наняць на поўны працоўны дзень за 240 долараў на месяц, спартовага лекара – за 270 рублёў, дырэктара дому культуры – за 290, інжынера-праектанта – за 314 беларускіх рублёў на месяц.

«Рынак працы – гэта вельмі гучна сказана ва ўмовах Беларусі, яго, па сутнасці, няма. Ідзе нейкая вакханалія – як будзе, так і будзе. Няма дзяржаўнай праграмы ўладкавання, няма рэгіянальных праграм», – кажа Генадзь Фядыніч.

Паводле ацэнкі Сусветнага банку, летась колькасць беспрацоўных у Беларусі перавышала афіцыйны паказнік у пяць разоў. Паводле апытаных намі камерцыйных кадравых агенцтваў, сёлета канкурэнцыя на наяўныя ў іх вакансіі падвоілася.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu