У Беларусі моцны снег: ні прайсці, ні праехаць


Воблачна. Моцны снег. Галалёдзіца. У Беларусі абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. Людзі радуюцца сапраўднай зіме, аднак камунальныя службы не даюць рады, а ратавальнікі просяць быць асцярожнымі.

Як ні дзіўна, але снег у студзені цяпер уражвае. Калі маса ападкаў накрыла краіну, камунальнікі адправіліся змагацца з тонамі снегу на дарогах і ходніках. Каб пачысціць сталіцу, выехалі больш за 620 адмысловых машынаў, аднак, на думку апытаных намі менчукоў, камунальныя службы з задачай усё ж такі не спраўляюцца:

«Не вельмі люблю нашыя камунальныя службы, бо яны выконваюць свае функцыі – ніяк».

«Трэба ўначы было чысціць (калі снег ішоў), а не цяпер, раніцай».

«Ніякіх праблемаў не бачу: я сёння ўзяў лапатку, крыху адкапаў – і паехаў далей».

«Дворнікі добра мятуць… а службы – не».

«Нават калі не спраўляюцца, мне падабаецца: няхай будзе лепш снежна».

«Нам грэх скардзіцца на камунальныя службы».

Але снег у святочны перыяд перадусім успрымаецца як падарунак прыроды. У гэтым упэўненыя жыхары Глыбокага.

«Ну, зіма сапраўдная. Вы самі бачыце! Цёпла, добра, утульна – як у нас, у Беларусі, і павінна быць».

«Хоць нешта ў жыцці людзей радаснае!»

«На лыжах можна пакатацца, на санях».

«Выдатнае: і настрой і надвор’е!»

«Па снезе засумавалі».

На жаль, снежная зіма – гэта не толькі прыгожа. Непагадзь бывае небяспечнай. Ля Камароўскага рынку ў сталіцы аўтамабіль уляцеў у падземны пераход. На шчасце, абышлося без ахвяраў.

У сувязі са снегападам сіноптыкі абвесцілі на сёння аранжавы ўзровень небяспекі. У такое надворʼе ратавальнікі рэкамендуюць быць падалей ад дрэваў і ўсяго, што можа абрынуцца пад ціскам снегу. Лепш па магчымасці ўстрымацца ад паездак па горадзе на асабістым аўтамабілі ды абыходзіць хісткія будынкі і дамы з няўстойлівым дахам.

Каця Малей, belsat.eu