У Беларусі масава судзяць пенсіянераў і інвалідаў

Інжынер-навуковец у мінулым, а цяпер пенсіянерка, 73-охгадовая Святлана Вяргейчык за Марш пенсіянераў пакараная штрафам 765 рублёў. Але галоўнае – засталася жывою толькі дзякуючы сваёй каляжанцы, медыку паводле адукацыі.

«Асфіксію выклікалі: яны мне куртку, шапку – усё прыдушылі і кінулі ў аўтобусе на падлогу, а другі яшчэ лёг. Людміла Ігараўна – яна медработнік – кажа «яна памірае», толькі тады мяне адпусцілі», – кажа пенсіянерка Святлана Вяргейчык.

Яшчэ адну 71-гадовую пенсіянерку – інваліда другой групы Людмілу Паўлаву – затрымлівалі тройчы: адабралі рэчы ды прысудзілі штраф 510 рублёў.

«Для мяне гэта цяжка маральна, але я ганаруся моладдзю, бо гэта такі пад’ём, такая вера ў свабоду, што я ганаруся гэтымі дзецьмі».

Толькі падчас апошняга Маршу пенсіянераў былі затрыманыя чатырнаццаць удзельнікаў, частку пакаралі агулам на 35 содняў зняволення і на 4 тысячы рублёў штрафу. І суды працягваюцца, кажа лідарка пенсіянерскай арганізацыі, – дадае пенсіянерка Людміла Паўлава.

«Тое, што вырабляюць улады з нашымі пажылымі людзьмі, у галаве не ўкладаецца – гэта генацыд людзей сталага веку. Бо пасадзіць на содні нават маладога чалавека – гэта вялікі стрэс. Але калі хапаюць на вуліцы, кідаюць на падлогу і ціснуць нагой чалавека, якому 73 гады. Майму абурэнню няма межаў: я сама атрымала 25 содняў – не ведаю, за што», – сведчыць старшыня грамадскай арганізацыі пенсіянераў «Наша пакаленне» Таццяна Зялко.

Цяжкія псіхалагічныя траўмы, асабліва ў людзей сталага веку, прынамсі выклікаюць абвастрэнні хранічных хваробаў. Але доўгатэрміновы стрэс беларускага грамадства ставіць перад адмыслоўцамі новыя заданні.

«Апошнім часам з’явіўся такі запыт, якога раней не было. Людзі звяртаюцца да псіхолагаў, каб вырашыць праблему – пачуцця вінаватасці. Яна фармулюецца так: я пачуваюся вінаватым, бо недастаткова зрабіў для пратэстаў. Ёсць пачуццё, што мы ў такім хранічным стрэсе, і ён накопліваецца», – кажа псіхолаг Іна Карней.

Псіхолагі раяць: не зважаючы на рэпрэсіі, кожны чалавек мусіць памятаць, што ён – не вінаваты.

Галіна Абакунчык belsat.eu

Глядзі таксама