У Беларусі дыскрымінуюць людзей з інваліднасцю


Так адбываецца кожны раз, калі Васіль Жалабковіч выцягвае рукі або спрабуе стаць на дыбачкі, гэта наступствы ранняга пашкоджання цэнтральнай нервовай сістэмы. 14 гадоў таму Васіль Жалабковіч стаў інвалідам другой групы. Праз чатыры гады інваліднасць прызналі бестэрмінова. Васіль марыў стаць масажыстам, скончыў курсы. Але неабходная была медычная адукацыя.

«Там калі я прыйшоў, мне сказалі: мы вас бярэм на вучобу, толькі трэба дазвол МРЭК. Я прыехаў на МРЭК, МРЭК кажа: я табе дазволу даваць не буду», – кажа Васіль Жалабковіч, чалавек з інваліднасцю.

Васілю складана стаяць і хадзіць, але ён займаецца, каб трымаць форму. У 2014-м яму дазволілі вучыцца, але не там, дзе Васіль хацеў: мужчына паступіў на фельчара-лабаранта. У гэты ж год яго збіла машына, праз траўму вока ён не мог чытаць, і яго адлічылі з вучобы за непаспяховасць. Каб працягнуць навучанне ў спецыялізаванай установе для людзей з аслабленым зрокам у Горадні, зноў спатрэбілася звярнуцца ў медычна-рэабілітацыйную экспертную камісію, або МРЭК.

«Мне не даў МРЭК дазволу на Горадню ў сувязі з тым, што ў цябе траўма вока, хвароба ёсць, але не хапае для інваліднасці. Таму што яшчэ вока ёсць», – адзначае Васіль Жалабковіч, чалавек з інваліднасцю..

Скарга на МРЭК не толькі не дапамагла, Васіля пазбавілі 2-й групы інваліднасці. Працы, якая б адпавядала стану здароўя, у вёсцы, дзе ён жыў, не было, таму жыў за пенсію бацькі. Змаганне за свае правы цярпела паразу. Суды прызначалі экспертызы ў медычна-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, на якую Васіль і скардзіўся. Пасля правярання Дзяржкантролем мужчыне далі толькі трэцюю групу інваліднасці. Безвынікова прайшоўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, у красавіку Васіль зарэгістраваў скаргу ў ААН.

Праблемы дыскрымінацыі інвалідаў пры выбары месца вучобы або працы характэрныя для ўсёй краіны, адзначаюць праваабаронцы.

«Мала знайсці даступную ВНУ ці каледж, трэба, каб МРЭК пагадзіўся з тым, што гэта прафесія для цябе. І тут мы сутыкаемся з супярэчнасцямі, якія ніяк не звязаныя са здаровым сэнсам. Калі глухому чалавеку адмаўляюць у вучобе на мастацкае афармленне», – кажа Сяргей Драздоўскі, офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Спецыяльнасцяў, на якія МРЭК дае дазволы працаваць, часта няма ў тых мясцовасцях, дзе жыве чалавек з інваліднасцю.

«Існая сістэма не ў стане пераварыць гэтую праблему, чалавек сам не ў стане яе вырашыць, бізнес, наймальнікі, рынак працы таксама не гатовыя, а рэальнага памочніка ў асобе дзяржавы тут практычна няма», – лічыць Сяргей Драздоўскі, офіс па правах людзей з інваліднасцю..

Інваліднасць – гэта сацыяльны статус, мэта якога абараняць і дапамагаць. У рэальнасці ж чалавек з інваліднасцю часта сутыкаецца з абмежаваннямі з боку дзяржавы. Акрамя таго, у Беларусі няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства і, як вынік, няма рэальных рычагоў абароны ад гэтай дыскрымінацыі.

Hавiны
Як вазочніку трапіць у гатэль ці рэстаран? Спойлер: амаль ніяк
2019.05.05 16:34

Вольга Чайчыц, belsat.eu