У Беларусі будзе больш памежнікаў


Адпаведнае рашэнне падпісаў сёння Аляксандр Лукашэнка. Межы з якой кранай будуць узмацняць і з якой прычыны? Высвятляў Аляксандр Папко.

Стварыць новыя заставы і павялічыць колькасць памежнікаў – планы па ахове дзяржаўнай мяжы на 2019 год зацвердзіў сёння Аляксандр Лукашэнка:

«З улікам узрастання негатыўных фактараў, звязаных з незаконнай міграцыяй, наркатрафікам, кантрабандай (асабліва зброі), перад Дзяржпагранкамітэтам пастаўлена задача павялічыць да неабходнага штатную колькасць. Беспрэцэдэнтны крок, але нацыянальная бяспека – найважнейшы фактар».

У штат большасці заставаў дададуць ад 3 да 10 чалавек – такія планы агучыла ў верасні Рада бяспекі. Такое ўзмацненне некаторыя звязваюць з правядзеннем сёлета Еўрапейскіх гульняў. Леанід Спаткай, эксперт «BELARUS SECURITY BLOG»:

«Беларусь збіраецца праводзіць буйныя спартовыя спаборніцтвы. На гэты час будзе бязвізавы ўезд у Беларусь».

Сам жа Лукашэнка ўжо пяты год абгрунтоўвае ўзмацненне мяжы неабходнасцю спыніць кантрабанду зброі з Украіны. За гэты час на паўднёвым кірунку сфармавалі новы Мазырскі памежны атрад.

Новыя памежныя заставы ў Беларусі (з 2014 г.):

Літва (Астравец) – 2

Украіна (Мазыр) – 18

Леанід Спаткай, эксперт «BELARUS SECURITY BLOG»:

«Зброя калі і паступае з Украіны, то яна паступае з так званых ЛНР і ДНР праз адкрытую расейскую мяжу. Беларуска-ўкраінская мяжа даволі-такі шчыльна ахоўваецца – як з беларускага боку, так і з украінскага».

Адкрытай расейская мяжа застаецца толькі ў кірунку Беларусі. Яшчэ ў 2014-м Крэмль выставіў на ёй памежныя нарады, праз два гады забараніў праязджаць неграмадзянам Расеі і Беларусі, а ў студзені 2017-га ўсталяваў памежную зону. І ў дадатак разгарнуў пад Смаленскам мотастралковую дывізію. Аляксандр Лукашэнка тады не хаваў свайго абурэння (01.06.2018):

«Хай вызначаюцца. Вызначацца – нам не праблема адказаць. Мы гатовыя ў любы момант адэкватна даць адказ. Калі яны хочуць закрыць мяжу – калі ласка. Зачыняць – мы ў адказ таксама павінны ўвесці кантроль на мяжы…»

Свайго кантролю Менск так і не ўвёў, хоць праязджаць праз мяжу грамадзянам трэціх краінаў Крэмль дагэтуль не дазволіў. Аляксандр Алесін, вайсковы аглядальнік:

«Мы дэманстрацыйна не ўводзім такіх жа абмежавальных мераў. Мы паказваем, што мы талерантныя добрыя людзі і ў нас няма перашкодаў для расейцаў».

Ці пагражае Беларусі нехта з суседзяў і ці неабходна ўзмацняць межы? Меркаванні апытаных намі гамельчукоў падзяліліся:

«Усё нармальна з межамі нашай краіны. Эканоміку паправіць бы!»

«З боку Расеі можа адбыцца нешта не вельмі цікавае і не вельмі добрае. Украіна не была гатовая – і глядзіце, што з гэтага выйшла!»

«Ваююць! Нечага больш сказаць. Толькі ўкраінская мяжа!»

«Я ні яд якой краіны не адчуваю пагрозы, акрамя беларускай улады!»

Пакуль Расея зачыняецца на свет, Беларусь – змагаецца за замежных турыстаў. Ці павелічэнне колькасці памежнікаў не павялічыць чэргаў на памежных пераходах?

«На чэргах узмацненне кантролю не адаб’ецца. Яно будзе датычыць перш за ўсё ўчасткаў мяжы, на якіх няма афіцыйнага доступу. Гэта будуць цяжкадаступныя раёны. Гэта будзе лясіста-балоцістая мясцовасць, паверхня азёраў, паверхня рэк», – гаворыць Аляксандр Алесін, вайсковы аглядальнік.

Перажыткам мінулага неаднаразова называў межы кіраўнік Беларусі. Аднак скасоўваюць іх толькі краіны, паміж якімі пануе мір і поўны давер.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM