У Беларусі без сенсацыяў: летняя спёка і новы палітвязень


Вызваліць Ігара Комліка і спыніць крымінальны пераслед актывістаў Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці. З рашучаю заяваю выступілі 11 праваабарончых арганізацыяў Беларусі. Іх чальцы не сумняваюцца: справа супраць кіраўнікоў прафсаюзнай суполкі мае чыста палітычны характар.

«Мы гэта звязваем з падзеямі вясны 2017 года. Шмат хто з актывістаў прафсаюзу арганізоўваў і ўдзельнічаў у мірных акцыях пратэстаў. Шмат, хто з актывістаў пацярпеў», – узгадаў Уладзімір Лабковіч, праваабаронца «Вясны».

Гаворка пра «Маршы недармаедаў».

Актывісты прафсаюзу РЭП сабралі таксама больш за сорак пяць тысячаў подпісаў супраць дэкрэту «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». 2-га жніўня ў офісе арганізацыі прайшоў ператрус. Стала вядома, што супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка завялі крымінальную справу – за нібыта ўхіленне ад падаткаў. Апошні застаецца ў зняволенні. Праваабаронцы заяўляюць.

«У звязку з утрыманнем Ігара Комліка ў ізаляцыі разглядаем яго ў якасці палітвязня і патрабуем яго неадкладнага вызвалення», – заявілі праваабаронцы.

Так было з Бяляцкім

За палітычны характар справы кажа фактычна паўтор падзеяў, якія адбыліся роўна шэсць гадоў таму. 4-га жніўня 2011 года быў затрыманы вядомы дзеяч праваабарончага руху, кіраўнік цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. У офісе арганізацыі прайшоў ператрус. Праз тры месяцы праваабаронцу асудзілі на чатыры з паловай гады зняволення паводле таго самага артыкулу. Падобна як у справах Фядыніча і Комліка, гаворка вялася пра ўхіленне ад падаткаў і замежныя рахункі. Тады міжнародная супольнасць расцаніла вырак як палітычны пераслед за шматгадовую праваабарончую дзейнасць Алеся Бяляцкага.

Як і шэсць гадоў таму, новыя крымінальныя справы ўжо атрымалі водгук міжнародных арганізацыяў.

Захад дапаможа?

Паводле назіральнікаў, цяжка прадбачыць ці ўлады Беларусі наважацца працягнуць новыя палітычныя працэсы ў той момант, калі самі актыўна прасоўваюць ідэю паляпшэння дачыненняў з Захадам. Так ці інакш, замах на незалежныя прафсаюзы без рэакцыі не застанецца – мяркуюць праваабаронцы.

Пакуль улады краіны робяць выгляд, што нічога не здарылася. Сёння дырэктар Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Ігар Маршалаў заявіў, што ніякай палітыкі ў справе Фядыніча і Комліка няма.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Vasily Fedosenkocredit / Reuters / Forum