У Беларусі адзначаюць Дзень донара крыві


Штогод каля 100 тысяч беларусаў становяцца донарамі крыві. Гэтая кроў ратуе жыццё прыкладна 160 тысячам пацыентаў на год. Асабліва важным донарства стала падчас каронавіруснай пандэміі. Але попыт на здачу імуннай плазмы пакуль нізкі.

Тарас Тарналіцкі ўжо два гады мае статус ганаровага донара. Упершыню ён звярнуўся на станцыю пералівання 12 гадоў таму, калі быў студэнтам.

«Вядома, я разумею сацыяльную адказнасць тых людзей, што здаюць кроў. Але я не маю дакладнай устаноўкі, што я здаю кроў выключна дзеля грошай, ці я герой і здаю бескаштоўна», – кажа журналіст і донар крыві Тарас Тарналіцкі.

Летась у Беларусі налічвалі 84 728 донараў цэльнай крыві ды амаль 13 тысяч донараў яе кампанентаў.

«Кроў неабходная пры вострых захворваннях, хранічных, траўмах. Яна неабходная пры масе паталагічных станаў. І яна сапраўды ратуе жыцці», – зазначае доктарка найвышэйшай катэгорыі Наталля Шкадун.

Запатрабаваныя данацыі і цяпер, падчас пандэміі каронавіруса. Паводле афіцыйных звестак, больш за 250 чалавек зрабіліся донарамі імуннай плазмы для захварэлых на COVID-19. Атрымаць яе паспелі ўжо прыблізна дзвесце пацыентаў.

«Каля 70 % мы бачым станоўчы эфект. Зразумела, гэта плазма не пераліваецца ўсім пацыентам. Ёсць спецыяльныя паказанні, існуе шмат супрацьпаказанняў. На сёння мы маем каля 150 дозаў імуннай плазмы, усіх групаў і рэзусаў», – заяўляе намесніца дырэктара па трансфузіялогіі РНПЦ трансфузіялогіі і медычных біятэхналогіяў Ларыса Гушчына.

У Беларусі застаецца практыка платнага і бязвыплатнага донарства. Хоць у краіне і назіраюць павелічэнне колькасці дабрачынных данацыяў – за пяць гадоў болей як у 16 разоў, – не ўсе падтрымліваюць пераходу на бязвыплатнае здаванне крыві.

«Нашае донарства адрозніваецца ад краінаў Еўропы. І для іх здача крыві не заробак, а дабрачыннасць», – падкрэслівае Наталля Шкадун.

Для донараў прадугледжваюць вызваленне ад навучання, службы і працы беспасярэдне ў дзень здачы крыві з захаваннем заробку. Ганаровыя донары могуць абслугоўвацца без чаргі ў дзяржаўных установах аховы здароўя, разлічваць на павышэнне пенсіі. Але, паводле Тараса Тарналіцкага, на сабе выгодаў донарства ён не адчувае.

«Сацыяльных ільготаў ці прэферэнцыяў няма. Яны ўсе былі даўно адабраныя. І апошнім фарпостам застаецца платная здача», – тлумачыць Тарас Тарналіцкі.

Донарамі крыві могуць стаць не ўсе. Мала весці здаровы лад жыцця ці важыць болей за 50 кілаграмаў: існуе шэраг патрабаванняў і абмежаванняў, у тым ліку інфекцыйныя захворванні, новаўтварэнні, хваробы нервовай сістэмы ды іншае. Падрабязна азнаёміцца са спісам можна на сайце РНПЦ трансфузіялогіі і медычных біятэхналогіяў – blood.by.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»